За сустрэчу ў турэмным «гатэлі» трэба заплаціць

Родныя віцебскага палітвязьня Сяргея Каваленкі атрымалі доўгатэрміновае спатканьне, якое пачнецца сёньня і завершыцца 27 ліпеня. У адмысловы пакой Магілёўскай папраўчай калёніі № 19 дапушчаныя жонка Сяргея Каваленкі Алена, непаўналетнія дзеці Вікторыя і Валянцін, брат Віталь і бацька Аляксандар Васільевіч.
Пра тое, што ўяўляюць сабой «турэмныя нумары» і падрабязнасьці свайго адзінага «доўгатэрміновага спатканьня» з мужам у Бабруйскай калёніі ў інтэрвію Радыё Свабода згадала Натальля Пінчук — жонка іншага палітвязьня Алеся Бяляцкага:

«Калі казаць пра кароткатэрміновае спатканьне, то гэта гадзіна ці дзьве гадзіны размовы адзін з адным праз шкло ці праз краты ў тэлефонную трубку. Што тычыцца доўгатэрміновага, то даюць магчымасьць зьняць гатэль у калёніі. Адпаведна, за тое, каб патрапіць унутр калёніі, у гатэль, трэба заплаціць грошы. У розных калёніях, як я зразумела, свае тарыфы на той ці іншы пакой, я плаціла дзесьці ад 30 да 50 тысяч рублёў за адны суткі. Але сваякі іншыя вяязьняў казалі, што ў некаторых месцах ёсьць тарыфы і вышэйшыя.

У далейшым мусіш прайсьці мала прыемную працэдуру, калі заносіш усе свае рэчы ў пакой, усе іх выкладаеш. Усё гэта абшукваецца, абшукваюць цябе, забіраюць абсалютна ўсё „лішняе“, найперш, мабільнік. Прычым, нават сьвечкі нельга ўносіць, што для мяне было таксама вялікім зьдзіўленьнем. І ўжо пасьля ўсяго праз некаторы час даюць убачыць таго, з кім ты прыехаў на спатканьне. Увогуле доўгатэрміновае спатканьне даецца на трое сутак, але ў зьвязку з тым, што на Алеся былі накладзеныя спагнаньні, то гэтую колькасьць яны скарацілі да адных сутак. То бок, „доўгатэрміновае“ было толькі адно. А цяпер, на жаль, скасоўваецца і тое доўгатэрміновае спатканьне, якое плянавалася на восень».

Карэспандэнт: «Гатэль», напэўна, сказана гучна, хутчэй — інтэрнат...

«Так, гэта інтэрнат, як вось бываюць звычайныя студэнцкія інтэрнаты — пакоі, якія выходзяць усе на адзін бок. Праўда, на вокнах не краты, а сетка, але само шкло непразрыстае. Ёсьць кухня — ва ўсялякім разе, у Бабруйскай калёніі. А ўвогуле ўсё жыцьцё рэглямэнтаванае: у столькі і столькі павінны падрыхтаваць пры выезьдзе ўсе рэчы, у столькі прыйдзе калідорны, які іх забярэ, кухня працуе да пэўнага часу і г.д. Зразумела, што елі толькі тое, што прывезьлі з сабой. Упершыню ў мяне была гэтая паездка, я ўжо брала, колькі магла і, колькі маглі, блізкія прыносілі.

Але яшчэ перад тым, як я трапіла ў так званы гатэль, мяне жанчыны, якія ўжо ня першы раз езьдзяць, папярэдзілі: палову таго, што нагатавалі, павезяце дадому. Мне заўсёды здавалася, што людзі, якія згаладаліся па хатняму, павінны гэтую ежу спажыць у адзін дзень. Але насамрэч аказалася, што ўсё ня так. Як мне патлумачылі, у іх страўнікі ўжо не такія, як нашы, і яны проста фізычна ня могуць у такой колькасьці спажываць ежу».