Simply the Best. Руслан Салей. Проста найлепшы

Сёньня ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Руслан Салей. Simply the Best». Аўтар жыцьцяпісу найлепшага беларускага хакеіста, вядомы спартовы журналіст Сяргей Аляхновіч месяц не дажыў да таго, каб пабачыць галоўную справу сваіх апошніх гадоў. Цяпер гэтая кніга стала помнікам абодвум сябрам.
Руслан Салей у складзе каманды Кантынэнтальнай хакейнай лігі «Лякаматыў» загінуў 7 верасьня 2011 году ў авіякатастрофе пад Яраслаўлем па дарозе на матч зь менскім «Дынама». Беларусь страціла аднаго з самых вядомых спартоўцаў, а Сяргей Аляхновіч — асабістага сябра.

Яшчэ пры жыцьці журналіст расказваў, што ідэя напісаць кнігу пра Салея, які быў, безумоўна, наймацнейшым беларусам у заакіянскай Нацыянальнай хакейнай лізе, узьнікла на пачатку 2000-х. Цягам некалькіх тыдняў, падчас летніх вакацыяў менскай зоркі Anaheim Mighty Ducks, яны сустракаліся, размаўлялі, а дыктафон запісваў касэту за касэтай. Аднак, як напісаў у прадмове да кнігі Сяргей Аляхновіч, неўзабаве хакеісту гэта надакучыла — маўляў, давай вернемся да кнігі пасьля заканчэньня кар’еры.

Кар’ера Расьці, як Руслана называлі сябры ў ЗША, трагічна абарвалася ў расейскім аэрапорце Тунашна год таму. Самалёт «Як-42» з хакеістамі і пэрсаналам яраслаўскага «Лякаматыву» ледзьве адарваўся ад зямлі, зачапіўся за вежу радыёмаяка, рухнуў на зямлю і загарэўся. З 45 чалавек выжыў толькі адзін.

Тое, што кніга пра Салея абавязкова патрэбная, Аляхновіч канчаткова зразумеў летась 2 лістапада, калі ў 37-ы дзень нараджэньня сябра прыйшоў на яго магілу ў Менску. Тады вымаляваўся і яе фармат: першая частка — тыя самыя адкладзеныя гутаркі 2003 году, пазьнейшыя сустрэчы, размовы праз тэлефон і скайп^; другая — успаміны пра Руслана галоўных жанчын у ягоным жыцьці — мамы Тамары Гаўрылаўны і амэрыканскай жонкі Бэтан, а таксама трэнэраў, энхаэлаўцаў і гульцоў зборнай Беларусі, капітанам якой Салей быў многія гады. Астатнія дзьве часткі аддадзеныя пад інтэрвію розных гадоў і статыстыку.

Самой кнігі аўтар так і не пабачыў — 44-гадовы Сяргей Аляхновіч раптоўна памёр сёлета 27 ліпеня, за месяц да ўжо анансаванай прэзэнтацыі выданьня. Даводзілі справу да ладу ягоныя сябры і сваякі Руслана Салея. Тэрмінова давялося карэктаваць ужо завярстаны тэкст — на адмысловай укладцы зьявіўся неплянаваны супольны здымак сяброў: «Сяргей цяжка перажываў сьмерць сябра. І ня змог перажыць кнігу аб ім. Хай яна будзе помнікам ім абодвум...», — напісаў пад фатаграфіяй рэдактар кнігі Руслан Бацянкоў.

Сёньняшняя прэзэнтацыя адбываецца ў гадавіну трагічнай гібелі Руслана Салея і на 40 дзён з дня сьмерці Сяргея Аляхновіча. Кніга накладам 5 тысяч асобнікаў выйшла аб’ёмістая — на 450 старонак. Яна багата ілюстраваная: ад дзіцячых здымкаў Руслана — да ідылічна-сямейных разам з бацькамі, жонкай Бэтан, сынам Алясандра і дочкамі Алексіс і Эйвай.

Дырэктар па разьвіцьці Вышэйшай хакейнай лігі са штаб-кватэрай у Маскве Мікалай Карповіч перакананы, што кнізе «Руслан Салей. Simply the Best» наканаванае доўгае жыцьцё:

«Эпічная праца Сяргея Аляхновіча — гэта ня проста кніга пра хакеіста зборнай Беларусі Руслана Салея, гэта кніга пра жыцьцё, якая зьмясьціла ў сябе як біяграфічныя старонкі найвялікшага гульца ў гісторыі беларускага хакею, так і ўсё шматграннае жыцьцё прафэсійнага спартоўца. У мяне няма сумневу, што кніга будзе карыстацца вялікім попытам і наклад 5 тысяч асобнікаў будзе перадрукаваны. Магу сказаць, што 6 верасьня адбудзецца прэзэнтацыя кнігі ў офісе Кантынэнтальнай хакейнай лігі, пасьля чаго яна будзе распаўсюджвацца праз інтэрнэт-краму КХЛ, праз Вышэйшую хакейную лігу, а 7 верасьня частка накладу будзе адпраўленая ў Яраслаўль — ня толькі дзеля распаўсюду, але і ў якасьці падарункаў блізкім, знаёмым тых, хто загінуў у авіякатастрофе».

Для кнігі ўспамінамі пра свайго сябра Расьці зь Сяргеем Аляхновічам падзяліліся такія прызнаныя зоркі Нацыянальнай хакейнай лігі і ўсясьветнага хакею, як Павал Дацюк, Аляксей Кавалёў, Сандзіс Озаліньш, Віле Пэлтанэн, Павал Трнка, Андрэй Мезін, Уладзімер Цыплакоў ды іншыя. Азмрочыла яе выхад хіба толькі тое, што беларускія хакеісты так і не адгукнуліся на просьбу журналіста паспрыяць у падрыхтоўцы кнігі памяці пра свайго калегу. На гэтым тле паказальна, што не адмовіліся дапамагчы футбалісты, аўтарская падзяка якім зьмешчаная ў канцы выданьня. Большую частку матэрыяльных выдаткаў узяла на сябе сям’я Руслана Салея.

Свой удзел у сёньняшняй прэзэнтацыі пацьвердзілі маці Руслана Тамара Гаўрылаўна, ягоны старэйшы брат Вадзім, Русланава ўдава Бэтан зь дзецьмі, а таксама бацька Сяргея Аляхновіча Аркадзь Ёсіфавіч. Прэзэнтацыя адбудзецца ў офісе парталу tut.by на вулівы В.Харужай у Менску ў 18.30.

Вокладка кнігі "Руслан Салей. Simply the Best"



Руслан Салей з жонкай Бэтан



Жонка і дзеці



Руслан Салей і Сяргей Аляхновіч, Менск 2004 год