Праваабаронца Тамара Сяргей: Я трапіла ў адмысловыя сьпісы

Тамара Сяргей на вулічнай акцыі, архіўнае фота

Праваабаронца Тамара Сяргей заяўляе, што апынулася ў сьпісе людзей, на якіх на мяжы зьвяртаюць надзвычай пільную ўвагу.
Інцыдэнт, які даў падставу гэтак меркаваць, здарыўся ў ноч на 2 лістапада пры перасячэньні Тамарай Сяргей украінска-беларускай мяжы.

«Ноччу цягніком з Кіева я вярталася ў Беларусь. На мяжы ўва ўкраінскіх памежнікаў і мытнікаў да мяне ня ўзьнікла пытаньняў, а вось беларускія праверылі двойчы, нават прымусілі аформіць дэклярацыю. Калі правяралі мае дакумэнты, у пераносным кампутары я ўбачыла свой фатаздымак з чырвонай стужкай. Але што там было напісана, не разгледзела — памежнік адвярнуў ад мяне кампутар», — апавяла Тамара Сяргей карэспандэнту «Свабоды».

У Беларусь праваабаронцу пусьцілі, але, паводле зьвестак Тамары Сяргей, з-за падвойнага агляду быў парушаны графік праверкі ўсяго цягніка. Тамара Сяргей мяркуе, што трапіла ў адмысловыя сьпісы:

«Лічу, што гэта псыхалягічны ціск на мяне як на праваабаронцу, які ідзе з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Ведаю, што з адміністрацыі даслалі ліст у міліцыю, каб са мной правялі прафіляктычную размову. А вось такім чынам на мяне ціснуць дадаткова».

Юрыст Тамара Сяргей шмат гадоў аказвае юрыдычную дапамогу незарэгістраванай арганізацыі «Жанчыны супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры». Гэтая ініцыятыва аб’ядноўвае каля 100 чалавек, якія змагаюцца за перагляд крымінальных спраў у дачыненьні да іх сваякоў ці адносна гібелі сваякоў. Шмат разоў актывісты перадавалі скаргі і пэтыцыі ў Вярхоўны суд, звароты да Аляксандра Лукашэнкі, сустракаліся з кіраўніцтвам адміністрацыі Лукашэнкі, праводзілі несанкцыянаваныя пікеты, удзельнічалі ў дазволеных мітынгах. Паводле афіцыйных адказаў, скаргі ўдзельніц ініцыятывы «Жанчыны супроць беззаконьня ў судах і пракуратуры» разглядаліся, па іх прымаліся законныя рашэньні. Між тым актывісткі кажуць пра парушэньні закону ў большасьці спраў і працягваюць дамагацца іх перагляду.