Латышы не камэнтуюць сымболіку СССР на хакейным чэмпіянаце

Матч Латвія-Расея (архіўнае фота)

Прэсавы сакратар Латвійскай хакейнай фэдэрацыі Марыс Гарбуноў адмовіўся пракамэнтаваць нашаму радыё інцыдэнты на матчах беларускай хакеістаў у Стакгольме, падчас якіх арганізатары забаранілі беларускім заўзятарам прысутнічаць на матчах чэмпіянату сьвету зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
Спадар Гарбуноў сказаў нам, што ён ня хоча адказваць на пытаньне палітычнага характару ў сувязі са спартовымі спаборніцтвамі. Ён таксама не хацеў пракамэнтаваць прысутнасьці савецкай сымболікі — савецкіх сьцягоў і выяваў савецкага гербу на кашулях заўзятараў — падчас хакейнага матчу Латвіі з Расеяй у Хэльсынкі 4 траўня.

Нагадаем, што кіраўнік аргкамітэту чэмпіянату Тоні Вірэн патлумачыў рашэньне забараніць бел-чырвоны-белы сьцяг на трыбунах тым, што ён «не зьяўляецца афіцыйным сьцягам Беларусі, а прадстаўляе іншы рэжым».

У латыскім парлямэнце на разглядзе цяпер знаходзіцца законапраект аб узмацненьні забароны на выкарыстаньне савецкай і нацысцкай сымболікі. Дзейнае заканадаўства Латвіі забараняе выкарыстоўваць савецкую і нацысцкую сымболіку на грамадзкіх мерапрыемствах (напрыклад, мітынгах). Цяперашні законапраект, які быў ужо прыняты латвійскімі дэпутатамі ў першым чытаньні, прапануе пашырыць згаданую забарону на захады забаўляльнага, сьвяточнага і спартовага характару.

Радыё Свабода пыталася ў Гарбунова, ці не абразіла латыскіх гульцоў прысутнасьць сымболікі СССР на матчы Расея-Латвія і ці не зьбіраецца латыская Фэдэрацыя хакею пратэставаць супраць выкарыцстаньня такой сымболікі на чэмпіянаце.