Суд над Андрэем Гайдуковым пераносіцца

Перад судом над Андрэем Гайдуковым 12 чэрвеня 2013

Вольга Гайдукова паведаміла, што суд над яе сынам будзе працягнуты ў панядзелак, 17 чэрвеня. Так ёй сказалі адвакаты Андрэя Гайдукова.
Яны паведамілі, што хлопец трымаецца спакойна, але па-ранейшаму не зусім здаровы: гаварыць ня можа праз кашаль.

У наступны панядзелак у судзе будуць дапытваць сьведкаў. Выкліку ў суд у якасьці сьведкі спадарыня Гайдукова так і не дачакалася. Яна рыхтавалася ехаць у Віцебскі абласны суд, атрымаўшы позву. Але цяпер гаворыць, што паедзе ў Віцебск нават калі судзьдзі не захочуць слухаць яе сьведчаньні.

Пра тое, што вырак Андрэю Гайдукову будзе зачытаны публічна, і напрыканцы ў суд пусьцяць усіх, маці падсуднага сказала так:

«Гэта ўжо ня будзе мець ніякага значэньня. Калі людзям не далі паслухаць усё ад пачатку, а потым проста прачытаюць вырак, то ніхто так і не даведаецца, у чым жа вінавацяць Андрэя, за што яго лічаць шпіёнам. Як верыць таму, што мы пачуем? Як лічыць прысуд абгрунтаваным, калі па сутнасьці нічога не вядома? Навошта было рабіць з гэтага суду такую таямніцу?»

Вольга Гайдукова сказала таксама, што да яе нарэшце дайшоў ліст ад сына. Ён датаваны 8-м чэрвеня. У той час Андрэй Гайдукоў рыхтаваўся да працэсу, таму ліст кароткі. А цяпер у яго зусім іншыя задачы — даводзіць сваю невінаватасьць, кажа маці.