Чавусаў: «Адбываецца дэманстрацыя моцы спэцслужбаў»

Юры Чавусаў

Ці можа прысуд Гайдукову стаць тым прэцэдэнтам, паводле якога можа пачынаць юрыдычны перасьлед кожнага, хто хоць раз быў у замежнай амбасадзе?
Ці можа прысуд Гайдукову стаць тым прэцэдэнтам, паводле якога можа пачынаць юрыдычны перасьлед кожнага, хто хоць раз быў у замежнай амбасадзе? Як выглядае справа Гайдукова на фоне спробаў беларускіх уладаў наладзіць стасункі з Эўропай? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг, юрыст Юры Чавусаў.

— Былы кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі заявіў, што паводле таго артыкула, за які судзілі Гайдукова, можна судзіць ня толькі апазыцыю, але любога чалавека, які калісьці хадзіў у замежную амбасаду. Ці сапраўды прысуд стварае небясьпечны прэцэдэнт і можа стаць падрыхтоўкай для новых палітычных працэсаў?

— У дадзеным выказваньні Рымашэўскага, відавочна, ёсьць палітычнае перабольшваньне. Але грунтуецца яно на абставінах, якія сапраўды маюць месца. Ёсьць артыкул у Крымінальным кодэксе, які вельмі сумнеўна сфармуляваны, расплывіста, двухсэнсоўна, дае магчымасьць для адвольных тлумачэньняў.

У пэўным кантэксьце гэты артыкул Крымінальнага кодэксу выглядае як добры сродак для палітычнага перасьледу. Зь іншага боку, я ня думаю, што варта чакаць масавага выкарыстаньня менавіта гэтага артыкула. Хутчэй, адбываецца дэманстрацыя моцы спэцслужбаў (як для палітычных апанэнтаў, гэтак і для кіраўніцтва краіны). Спэцслужбы дэманструюць свае здольнасьці і магчымасьць выкарыстоўваць такія артыкулы.

— Для некаторых даволі дзіўным было тое, што справа Гайдукова разгортвалася на фоне спробаў беларускага кіраўніцтва аднавіць дыялёг з Захадам. Ці можна сказаць, што ў беларускім кіраўніцтве дзейнічаюць розныя сілы? Ці гэта два акты аднаго сцэнару?

— Я б ня зьмешваў палітычны і юрыдычны кантэксты гэтай справы. З прававога пункту гледжаньня ёсьць вялікія прэтэнзіі да артыкула КК, да таго, што працэс быў закрытым.

Што тычыцца палітычнага аспэкту ў кантэксьце беларуска-эўрапейскіх стасункаў, то я б не рабіў адназначных высноваў. Ужо неаднаразова было такое, што ў рэгіёнах спэцслужбы дэманстравалі нейкія свае новыя прыдумкі (справа Пачобута, Булгакава), а потым цэнтральнае кіраўніцтва адкручвала гэта калі не зусім назад, то прынамсі суцішвала гучнасьць гэтых спраў.

Беларускія праваабаронцы ўжо заявілі пра Гайдукова як пра палітычнага зьняволенага. І гэта надае справе кантэкст тэмы для беларуска-эўрапейскіх стасункаў. Калі сваю думку выкажа і «Міжнародная амністыя», то Гайдукоў далучыцца да тых 11 палітвязьняў, вызваленьне якіх стаіць на парадку дня беларуска-эўрапейскіх кантактаў.