«Прыхільнікі Лукашэнкі зараз радуюцца, што Алексіевіч не атрымала Нобэля»

Аляксей Кароль

Ці магла б Нобэлеўская прэмія Сьвятлане Алексіевіч аб’яднаць беларускае грамадзтва? Як маглі б адрэагаваць на гэтую падзеі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі? На гэтыя пытаньні адказвае Аляксей Кароль, рэдактар газэты «Новы час».

— Вось ужо некалькі дзён тэма магчымага прысуджэньня Нобэлеўскай прэміі па літаратуры заставалася адной з самых гарачых у беларускім інтэрнэце і сацыяльных сетках. Спрэчкі ўжо вяліся ня столькі пра літаратуру, колькі пра ўсё наша грамадзтва. І многія дыскусіі ішлі вакол такога тэзісу — ці магло б беларускае грамадзтва аб’яднацца, калі хто-небудзь з грамадзян Беларусі атрымаў бы Нобэлеўскую прэмію? Ці быў бы гэта той прыклад, які прымусіў бы ганарыцца ўсіх суайчыньнікаў?

— Калі не ў літаратуры — фізыка ці хімія — то гэта спрыяла б аб’яднаньню, але не было б вельмі папулярным і знакавым. Бо гэта далёка ад палітыкі, якая заўсёды выклікае спрэчкі і розныя погляды. А вось літаратурная Нобэлеўская прэмія Сьвятлане Алексіевіч аб’яднала б толькі тую частку грамадзтва, якая адукаваная, інтэлектуальная. Але і дадала б паліва спрэчкам наконт фігуры Алексіевіч.

Аднак у любым выпадку абмеркаваньні й сам факт таго, што Алексіевіч выходзіла на першыя пазыцыі ўжо дадаў вядомасьці Беларусі, вядомасьці самой пісьменьніцы (і я вельмі ўсьцешаны гэтым), і нават дадаў бонусаў на карысьць дэмакратычных пераўтварэньняў Беларусі.

— У беларусаў розныя меркаваньні наконт сваіх славутых землякоў, нават наконт спартоўцаў. Адны лічаць, што трэба безумоўна ганарыцца Азарнкай, напрыклад, іншыя ня бачаць у ёй узору для перайманьня. Як, на вашую думку, прыхільнікі Лукашэнкі паставіліся б да Нобэля апазыцыянэрцы?

— Яны паставіліся б у сваім рэчышчы, як у свой час ставіліся да Быкава ці Адамовіча. Яны б не ўспрынялі гэта з радасьцю, бо Алексіевіч ня іх чалавек, яна вельмі крытычна ставіцца да цяперашняй улады. Таму зараз яны паціраюць рукі, што Сьвятлана не атрымала гэтую прэмію. Па сутнасьці, Алексіевіч у свой час выцесьнілі зь Беларусі, як выцесьнілі і Васіля Быкава.

Мяне больш непакоіць стаўленьне дэмакратычнай часткі грамадзтва да Сьвятланы Алексіевіч. Гэта, на маю думку, пацьвярджае хваравітасьць сёньняшняга стану грамадзтва. Я спадзяюся — тое, што Алексіевіч трапіла ў тройку найбольш вядомых і імаверных кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію — паспрыяе перагляду стаўленьня да яе тых людзей, хто ставіўся да яе адмоўна.