Баўмгертнэру выставілі абвінавачаньне ў і Расеі

Уладзіслаў Баўмгертнэр

Расейскія сьледчыя лічаць, што кіраўнік «Уралкалія» Ўладзіслаў Баўмгертнэр быў непасрэдным арганізатарам схемы, якая нанесла шкоду бюджэту Расеі.
Інтэрфакс са спасылкай на Сьледчы камітэт Расеі паведаміў, што Баўмгертнэру ў Расеі завочна выставілі абвінавачаньне паводле артыкула Крымінальнага кодэксу РФ «Злоўжываньне паўнамоцтвамі, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы».

«Баўмгертнэру інкрымінуецца непасрэдная арганізацыя злачынства, кіраваньне саўдзельнікамі», — заявілі ў СКР.

6 лістапада скаргу на завочны арышт Баўмгэртнэра разгледзіць Маскоўскі гарадзкі суд. Паседжаньне пачнецца ў 11:45 (паводле маскоўскага часу), паведамілі БелаПАН у прэсавай службе Масгарсуду.

21 кастрычніка Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў гендырэктара «Ўралкалія» Баўмгертнэра. Яго падазраюць паводле крымінальнага артыкула «Злоўжываньне паўнамоцтвамі».

Уладзіслаў Баўмгертнэр быў затрыманы ў Менску 26 жніўня. Яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ і абвінавацілі ў злоўжываньнях. Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што Баўмгертнэр і шэраг іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі страты «Беларуськалію» і БКК у памеры да 100 мільёнаў даляраў.

Ад 26 верасьня Баўмгертнэр знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яго трымаюць у Менску на найманай кватэры.