120 мільёнаў за адмову працаваць у вясковым клюбе

Бацькі Яны Аланіні, Ірына і Аркадзь Круіцкія, пасьля суду

Унівэрсытэт культуры і мастацтваў намагаецца спагнаць з былой сваёй студэнткі з Магілёва Яны Аланіні больш за 120 мільёнаў рублёў за навучаньне. Па сканчэньні навучальнай установы дзяўчына атрымала разьмеркаваньне ў Чавускі раён, але на месца працы не зьявілася.
Адміністрацыя ўнівэрсытэту зьвярнулася з пазовам у Ленінскі суд Магілёва, які прызнаў прэтэнзіі да Аланіні правамоцнымі. 20 лістапада абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу выпускніцы ўнівэрсытэту і пакінуў рашэньне раённага суда ў сіле.

Яна Аланіні цяпер у Сырыі. Калі вучылася, выйшла замуж за грамадзяніна гэтай краіны. Інтарэсы дзяўчыны прадстаўляе яе маці Ірына Крупіцкая. Паводле яе, калі дачка сканчала ўнівэрсытэт, то мела дваіх непаўналетніх дзяцей. Гэтую акалічнасьць не ўлічылі, разьмяркоўваючы яе на працу, зазначае жанчына. Паводле заканадаўства, калі ёсьць непаўналетнія дзеці, дык ім мусяць даць свабоднае разьмеркаваньне, альбо знайсьці працу па месцы жыхарства. Суду спадарыня Крупіцкая даводзіла, што ва ўнівэрсытэце не дапускалі дачку да здачы іспытаў пакуль ня будзе дакумэнта аб знойдзеным месцы працы: казалі, што гэта звычайная фармальнасьць.

«Суд не ўлічыў усе абставіны справы. Што разьмеркаваньне адбылося абсалютна няправільна. Яно было вымушаным. Яна ня мела магчымасьці адправіцца туды на працу са сваімі двума дзецьмі. Альбо ёй трэба было кінуць дзяцей і застацца адной, альбо застацца зь дзецьмі і адпрацоўваць тут. Дзяржава не прыйшла на дапамогу свайму грамадзяніну», — камэнтуе судовыя пастановы Ірына Крупіцкая.
Яна ня мела магчымасьці адправіцца туды на працу са сваімі двума дзецьмі

Яна Аланіні мелася працаваць у Доме культуры вёскі Гарбавічы хормайстрам. У скарзе ў абласны суд адзначаецца, што гэтая вёска знаходзіцца ў зоне сталага радыяцыйнага кантролю. Адказваючы на пытаньне «Свабоды», Ірына Крупіцкая адзначае, што гэты фактар стаў вызначальным у пытаньні працаўладкаваньня дачкі:

«Мы ня можам сваіх дзяцей падстаўляць пад рызыку захворваньня. Акрамя таго, ёй не прапанавалі там ніякага жытла. У яе ж дзеці дашкольнага ўзросту. Ёй трэба было езьдзіць туды. Аклад у яе — 900 тысяч. Ён не даваў магчымасьці на гэтыя грошы жыць. Нават у кодэксе адзначаецца, што разьмеркаваньне — гэта добра для чалавека, гэта першае месца ягонай працы. То ў нашым выпадку было парушэньне яе правоў як маці, як чалавека, як жонкі ўрэшце».

На довады абароны судовая калегія пярэчыла тым, што варта было зьвяртацца ва ўнівэрсытэт з заявай на пераразьмеркаваньне і абавязкова выйсьці на працу, а выпускніца ўнівэрсытэту гэтага не зрабіла. У адказ Ірына Крупіцкая казала, што скардзілася на разьмеркаваньне ў Міністэрства адукацыі, культуры, Савет Міністраў, аднак адказы прыходзілі як пад капірку. «Ніхто не хацеў бачыць, што за праблемай стаіць лёс чалавека», — ледзь ня плачучы казала жанчына. «У прыватных жа гутарках, — прызнавалася на судзе Крупіцкая, — чыноўнікі дакаралі, што ня варта было выходзіць замуж дачцэ за сырыйца».

Ці ўлічвалася адміністрацыяй ВНУ пры разьмеркаваньні ў чарнобыльскую зону тое, што Яна Аланіні мае двух малалетных дзяцей?

Прадстаўнік юрыдычнага сэктару ўнівэрсытэту Мікалай Чміль у размове з карэспандэнтам Свабоды паведаміў, што ўсё, маўляў, ўлічвалася:
З маральнага пункту гледзішча мы разумеем яе сытуацыю. Але ёсьць закон, які мы ня маем права абыходзіць

«Адкуль вы ўзялі чарнобыльскую зону? Вазьміце закон, які адносіць пэўныя тэрыторыі да забруджаных, а так казаць агульна, што Магілёўская вобласьць — забруджаная, дык хто так робіць?! Трэба ж ведаць: канкрэтнае месца, дзе яна працуе, — яно аднесена законам да гэтых забруджаных ці не. Яе маці была на прыёме ў рэктара, усё ёй было патлумачана. З маральнага пункту гледзішча мы разумеем яе сытуацыю. Але ёсьць закон, які мы ня маем права абыходзіць. Будзе рашэньне суда — якое будзе, такому мы і падпарадкуемся».

Плаціць 120 мільёнаў бацькам за дачку няма з чаго, бо яны пэнсіянэры. Кажуць, што працягнуць дамагацца справядлівасьці. Дзе цяпер дачка, яны ня ведаюць, бо ў Сырыі вайна. Зазначаюць, што дачку муж не адпускае зь дзецьмі, а яна рвецца на радзіму:

«Вядома ж, хоча. Вядуцца гутаркі з мужам. Цяпер мы ня ведаем, дзе яна, як яна. Яны ўвесь час пераяжджаюць. Але тут, як кажуць у народзе, нітка ідзе за іголкай. Гэта яе муж. Яе муж ставіць такія ўмовы. Кажа: „Пакідай дзяцей тут у Сырыі“. Яна ж найперш думае пра дзяцей. Яна ня думае пра Гарбавічы, а толькі пра дзяцей», — тлумачаць сытуацыю з дачкой ейныя маці і бацька, Аркадзь Крупіцкі.

Яна Аланіні скончыла ўнівэрсытэт ў 2012 годзе. За час навучаньня была ў дэкрэтных адпачынках, а таксама па здароўі. Вучоба расьцягнулася на дзесяць гадоў.

Калегія абласнога суда для дзяўчыны зрабіла палёгку, скасаваўшы 6 мільёнаў рублёў выплаты судовых выдаткаў.