Краўцоў заклікае палякаў настальгаваць па Агінскім. За грошы

Падчас сустрэчы 17 студзеня з ваяводам Падляскім Мацеем Жыўнам нядаўна прызначаны старшынём Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Краўцоў запэўніў, што рэстаўрацыю маёнтку Агінскіх у Залесьсі Смаргонскага раёну мяркуецца завяршыць сёлета ў верасьні, да чарговай гадавіны нараджэньня кампазытара, дыплямата, паўстанца Міхала Клеафаса Агінскага. Краўцоў выказаў спадзяваньне, што адноўленая сядзіба стане папулярнай мясьцінаю ў польскіх турыстаў.

З ініцыятывы ЮНЭСКА 2015 год, калі будзе адзначацца 250-гадовы юбілей гэтага славутага грамадзкага дзеяча, абвешчаны годам Агінскага на тэрыторыях, зь якімі было шчыльна зьвязанае ягонае жыцьцё — у Польшчы, Беларусі, Літве, Францыі, Італіі. Расея, дарэчы, зь невядомых прычынаў у гэты сьпіс ня трапіла.

У Беларусі да гэтай даты яшчэ ў 2011 годзе былі распачатыя працы ў радавой сядзібе Агінскіх у Залесьсі, дзе Міхал Клеафас зь сям’ёй пражыў два дзясяткі гадоў. Мяркуецца, што менавіта тут быў напісаны самы славуты ягоны твор — палянэз ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай»).

Скончыць рэстаўрацыю плянавалася яшчэ два гады таму, аднак фінансавы крызіс 2011-га «зьеў» значную частку выдзеленых сродкаў. Відаць, з-за недахопу грошай ужо ня дойдуць рукі да закінутага прафілякторыя, які належаў заводу «Смаргоньсылікатабэтон» і месьціцца за некалькі соцень мэтраў ад палацавага комплексу. Некалі яго думалі пераабсталяваць пад гатэль.

Занядбаны санаторый каля Залесься


Тым часам цікавасьць да асобы Агінскага, якога і ў савецкай, і ў цяперашняй Беларусі ня вельмі шанавалі за сувязь з паўстанцамі Тадэвуша Касьцюшкі, пакрысе пачынае аднаўляцца. Расказвае Сяргей Верамейчык, дасьледчык жыцьця і творчасьці Агінскага, колішні навуковы супрацоўнік будучага музэю:

«Летась тут была прэзэнтацыя фільму пра Агінскага. Дарэчы, гэта ўпершыню стварыла дакумэнтальную стужку наша дзяржава, нарэшце зьвярнуўшы ўвагу на асобу Агінскага. То бок гэта, што называецца, па лініі афіцыйнай стратэгіі Міністэрства культуры. Дзеля справядлівасьці, упершыню ня толькі ў Беларусі, бо ні ў Польшчы, ні ў Расеі, ні ў Літве дакумэнтальныя фільмы пра Агінскага так і ня створаныя.

А ў залескай школе ёсьць невялічкі зальчык, дык там аўтары зь Менску самі сваю працу і паказалі. Гэта былы „Белвідэацэнтар“. Цяпер будуць прапаноўваць гэты фільм на тэлебачаньне. А таксама адбылася прэзэнтацыя кніжкі, якую выдаў смаргонскі фонд Агінскага „Паўночныя Атэны“. Па сутнасьці, гэта рэпрынт, перавыданьне кніжкі „Рамансы Міхала Клеафаса Агінскага. Творы для голасу ў суправаджэньні фартэпіяна“. Таму што самі ноты яшчэ раней былі выпушчаныя капэлай Віктара Скарабагатава зь Менску. Так што за апошні час адбыліся дзьве прэзэнтацыі — фільму пра Агінскага і рамансаў, якія былі складзеныя менавіта ў Залесьсі».

Згодна з плянамі, агучанымі кіраўніком Гарадзенскай вобласьці Ўладзімерам Краўцовым, на тэрыторыі сядзібы будзе створаны турысцка-культурны комплекс з чатырох зонаў. Тут адкрыюцца музэйныя і гасьцявыя пакоі, тэатральна-канцэртныя залі і аранжарэі. У пэрспэктыве адновяць францускі парк, які за рознымі гаспадарамі быў сьпілаваны на дровы. Дарэчы, у самім маёнтку пры бальшавіках разьмяшчаўся машынна-трактарны стан, а пасьля дом састарэлых.

Рэстаўрацыя маёнтку Агінскіх па стане на восень 2013-га