Затрыманых ля помніка Шаўчэнкі адпусьцілі

Затрыманых учора пасьля акцыя салідарнасьці з украінцамі каля помніка Тарасу Шаўчэнку актывістаў рухаў «Разам» і «Альтэрнатыва» выпусьцілі з Цэнтральнага РУУС а 23-й гадзіне вечара.
Паводле інфармацыі кіраўніка руху «Альтэрнатыва» Алега Корбана, затрыманыя Міхаіл Мікуліч, Ільля Дабратвор, Дзьмітры Сільчанка, Ірына Вяткіна, Алесь Гнеўка, Алег Ціроль і іншыя. Усяго было затрымана 11 чалавек.

«Пасьля акцыі да нас падышлі амапаўцы, а таксама асобы ў цывільным. Я стаў званіць знаёмаму журналісту, тады да мяне падбеглі і стукнулі ў вуха. Затым пад’ехаў аўтобус, усіх удзельнікаў акцыі туды загрузілі», — распавёў Радыё Свабода Ільля Дабратвор.

Ён таксама паведаміў, што меў пры сабе бел-чырвона-белы, эўрапейскі і ўкраінскія сьцягі. У пастарунку сьцягі забралі без складаньня акту.

«Ва ўсіх удзельнікаў „адкаталі“ пальцы, узялі тлумачэньні, а таксама зафіксавалі адбіткі абутку. У тлумачэньнях мы казалі, што прачыталі пра акцыю ў інтэрнэце і вырашылі далучыцца. Мяне адпусьцілі самы м апошнім. Было ўжо 23 гадзіны», — дадаў Ільля Дабратвор.