Кнігі пра Ангелу Мэркель трапяць у беларускія бібліятэкі

Кнігі пра Ангелу Мэркель на выставе

Беларускія бібліятэкі папоўніліся нямецкімі кнігамі, якія выстаўленыя на стэндзе Менскага міжнароднага кніжнага кірмашу. У гэтым годзе нямецкія кнігі атрымалі сярэдняя школа № 20 у Воршы, гімназія № 20 у Менску і Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка.
Падчас сымбалічнай цырымоніі перадачы кніг дырэктарка аршанскай школы Тацяна Кажарновіч адзначыла:

«Мы ўжо адчуваем, як нашы дзеці, нават пачынаючы зь першай клясы, імкнуцца вывучыць нямецкую мову, дзякуючы кнігам, якія нам перадалі раней. Гэтаму будуць спрыяць і новыя кнігі. Таму нямецкая мова ў нашай школе будзе квітнець».

Намесьнік кіраўніка нямецкай дыпмісіі Хольгер Рапіёр апавёў, што сёлета на стэндзе прадстаўлена прыкладна 250 назваў нямецкай літаратуры. Сярод іх кнігі пра Нямеччыну, дзіцячая і мастацкая літаратура. А для таго, каб як мага большая колькасьць чытачоў магла азнаёміцца з кнігамі, якія прадстаўлены на выставе, нямецкі бок не прадае іх, а перадае ў дар розным беларускім установам.

Сярод экспанатаў ёсьць кнігі пра канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель. Ці гэтыя кнігі таксама трапяць у бібліятэкі?

«Сваім стэндам мы хочам паказаць сучасную гісторыю Нямеччыны, і фэдэральны канцлер Мэркель, зразумела, непарыўна зьвязаная з сучасным разьвіцьцём Нямеччыны. Гэта традыцыя нашага ўдзелу ў выставе: мы перадаём кнігі ў дар беларускім установам, і што тычыцца кнігі пра Мэркель, то мы перададзім гэтыя кнігі. Тут праблемы няма».

Хольгер Рапіёр уручае кнігу дырэктарцы Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Раісе Сухарукавай


На пытаньне, як патлумачыць удзел у кніжнай выставе Нямеччыны і іншых эўрапейскіх краінаў ва ўмовах палітычнай ізаляцыі Беларусі, Хольгер Рапіёр сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Мы ня хочам злучаць любое пытаньне ў сваіх стасунках з палітычным пытаньнем. І тое, што мы тут робім, упісваецца ў нямецкую зьнешнюю палітыку ў яе шматгранных праявах. Тое, што мы тут робім, — гэта праца ў галіне культуры і адукацыі. І той стэнд, які мы прэзэнтуем, гэта супрацоўніцтва з школамі, з інстытутам імя Гётэ, гэта частка нашай зьнешняй палітыкі. Гэта доўгатэрміновая палітыка ФРГ. Мы ня хочам абцяжарваць пытаньні культурнага супрацоўніцтва палітычнымі пытаньнямі».

Спадар Рапіёр адзначае моцную цікавасьць беларускай публікі да Нямеччыны, і пра гэта сьведчыць вялікая колькасьць наведнікаў стэнда.

На пытаньне, ці вывучаюць беларускую мову нямецкія дыпляматы, Хольгер Рапіёр адказаў, што для яго, на жаль, «гэта азначала б вялікую нагрузку ў прафэсійным сэнсе».

«Але гэта ня мае нічога стасоўнага да прыніжэньня беларускай мовы, гэта чыста прагматычныя прычыны. Калі б я быў геніем у галіне вывучэньня замежных моў, я, несумненна, вывучыў бы беларускую мову».

9 лютага на стэндзе выставы пройдзе мерапрыемства для дзяцей — так званы «Дзіцячы дзень» з адмысловай праграмай для юных чытачоў.

Другі сакратар аддзела культуры нямецкай амбасады Урзула Крамлінгер дэманструе дзіцячую літаратуру