У Салігорску забаранілі канцэрт «Разьбітага сэрца пацана»

Прадстаўнікі салігорскіх гарадзкіх уладаў выказаліся супраць правядзеньня мерапрыемства, нягледзячы на тое, што арганізатары мелі гастрольнае пасьведчаньне на канцэрт.
Пра тое, што выступ, які плянаваўся ў мясцовым Skyy Bar, не адбудзецца, стала вядома ў дзень канцэрту.

«Кіраўніцтва дома культуры, у якога арандуе памяшканьне Skyy Bar, папрасіла нас канцэрт не праводзіць. Ім не спадабалася, як пазыцыянуе сябе гурт. І мы нічога ня можам зрабіць, нават маючы гастрольку», — сказаў парталу Tuzin.fm арганізатар канцэрту Аляксандар Дзелянко.

Некалькі дзён таму новая песьня гурта «Что-то не так» выклікала вялікі розгалас у сеціве.

14 лютага гурт «Разьбітае сэрца пацана» даў канцэрт у клюбе «Цэнтар», які месьціцца ў менскім Палацы рэспублікі.

«На пэрыфэрыі людзі больш падстрахоўваюцца, бо баяцца згубіць сваю працу. Я раю салігорскім чыноўнікам ды ўсім, хто баіцца, каб абы чаго ня выйшла, прыйсьці на наш канцэрт і пераканацца, што аніякай парнаграфіі ды іншых небясьпечных рэчаў там няма», — заявіў удзельнік гурта Павал Гарадніцкі.

16 лютага «Разьбітае сэрца пацана» дасьць канцэрт у Гомелі, 2 сакавіка ў Менску, а 26 сакавіка ў Маскве.