Нецэнзурную лаянку — можна, партрэт Быкава — ні ў якім разе

Your browser doesn’t support HTML5



Недамаляваны партрэт Васіля Быкава на трансфарматарнай будцы на праспэкце Незалежнасьці ў Менску тэрмінова зафарбавалі на загад «Мінскэнэрга». Жыхары бліжэйшых дамоў і супрацоўнікі мясцовага ЖЭСу шкадуюць пакараных графіцістаў і кажуць, што памяць Васіля Быкава трэба годна ўшанаваць.

Каля лавачак і альтанак у двары дома ў цэнтры Менску — сьмецьце, пустыя бутэлькі з-пад піва. Побач — трансфарматарная будка, з раніцы сьвежапафарбаваная. Гутару зь юнаком на ровары, які спыняецца побач:

Карэспандэнтка: «Што вы ведаеце пра гісторыю, якая тут адбылася?»

Юнак: «Я чуў, што нейкія маладыя людзі зьбіраліся намаляваць партрэт Васіля Быкава, і вось прыехаў паглядзець, што ў іх атрымалася на гэты момант. Але нічога не знайшоў — ані знаку няма з таго, што тут адбывалася. Але ж яны, так разумею, да 19 чэрвеня плянавалі нешта намаляваць. То заўтра падыду, пагляджу — можа, што зьявіцца».

Карэспандэнтка: «Як вы ставіцеся да такой падзеі?»

Юнак: «Я ганаруся такімі людзьмі, бо такія знакамітыя пісьменьнікі павінны заставацца ў памяці кожнага беларуса. Людзі хацелі як лепш, а атрымалася...»

Жыхары дому з трансфарматарнай будкай, абранай графіцістамі, каб намаляваць партрэт Васіля Быкава, на ўласныя вочы бачылі разьвіцьцё падзеяў і працягваюць іх абмяркоўваць. Да графіці ставяцца па-рознаму, але аднолькава выказваюцца за годнае ўшанаваньне памяці Васіля Быкава:

Карэспандэнтка: «Днямі моладзь спрабавала намаляваць тут партрэт Васіля Быкава. Ці вы чулі што-небудзь пра гэта?»

Мясцовы жыхар: «Так. А я што? Гэта нармальна, толькі месца павінна быць адпаведнае. Усё павінна быць у адпаведнасьці».

Мясцовая жыхарка: «Муж выйшаў паглядзець і казаў, што партрэт у чорных фарбах, але прафэсійны. Пасьля, пэўна, хтосьці з жыхароў патэлефанаваў кудысьці, прыехала міліцыя і забрала іх усіх разам з фарбамі».

Карэспандэнтка: «Ці вы за тое, каб ушанаваць памяць Васіля Быкава?»

Мясцовая жыхарка: «Канечне, канечне. Толькі ня гэтак усё ж — помнік трэба ставіць у цэнтры гораду замест Дзяржынскага. І Барадуліну, і Бураўкіну, бо гэта годныя людзі».

Мясцовая жыхарка: «Гэта ніякі не вандалізм, гэта моладзь выказвала гэтак свае пачуцьці чалавеку, намаляваўшы партрэт. А ўрад наш... няправільна зрабіў з гэтым штрафам. Дрэнна гэта ўсё».

Майстар мясцовага ЖЭСу Алена вельмі зьдзіўленая і ўражаная навіной пра тое, што недамаляваны партрэт Васіля Быкава зафарбаваны. Яна паказвае на сваім тэлефоне сфатаграфаванае «на памяць» графіці і зь відавочным жалем кажа, што гэта яна выклікала міліцыю «на гэтых небаракаў»:

Майстар: «Жыльцы прыйшлі і сказалі, што хуліганы псуюць сьцены. Мы ж ня ведалі, што там малююць партрэт Васіля Быкава. Мы думалі, што гэта звычайнае графіці, якім размалёўваюць усе сьцены, а мы пасьля мусім зафарбоўваць за грошы ЖЭСу. Таму мы выклікалі міліцыю. Але з пазыцыі чалавека я, наадварот, «за».

Карэспандэнтка: «Але партрэт Быкава — не звычайнае графіці. Навошта яго было зафарбоўваць?»

Майстар: «Дык а яго што, зафарбавалі? Зафарбоўваць можам толькі мы, хто ж гэта, акрамя нас, яшчэ мог зафарбаваць?»

Майстар Алена і яе калегі, шкадуючы аштрафаваных графіцістаў, разважаюць, за што і навошта іх пакаралі:

Майстар: «Усюды ж па горадзе малююць і нават паказваюць графіці — і ўсё нармальна. А навошта было штрафаваць? Пэўна, таму, што Быкаў нібыта апазыцыйны быў. Калі б намалявалі х..., то нармальна было б. Падазраю, што нават слова б не сказалі. А вось Быкаў неяк ня ў тэму».

Аўтары ідэі намаляваць партрэт Васіля Быкава на вулічным будынку спрабуюць цяпер атрымаць на гэта дазвол ад гарадзкіх уладаў Менску.