На Магілёўшчыне зьбіраюць чарніцы, у якіх цэзія ў два разы больш за норму

Знакаў пра радыяцыйную небясьпеку ў тым лесе адшукаць не ўдалося.

Днямі магілёўская санэпідэмстанцыя выявіла ў чарніцах, сабраных у лесе ля вёскі Лежнеўка, перавышэньне дапушчальнай нормы цэзію больш чым у два разы. Вёска за два дзясяткі кілямэтраў ад Магілёва.

Вялікае і прыгожае паселішча на берагах рачулкі Даска ў радыяцыйным палоне пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У навакольлях, як кажуць вяскоўцы, у далёкім 1986 годзе асадзілі радыяцыйную хмару. З таго часу радыяцыя для тутэйшых стала звыклай зьяваю. Першы час яе пабойваліся, але цяпер, пасьля прамінулых амаль трох дзясяткаў гадоў, увага да яе прытупілася. Некаторыя зь вяскоўцаў усё ж правяраюць лясныя дары на радыяцыю, аднак гэта працэдура далёка ня норма.

«Мы правяраем пастаянна. У нас у ягадах дапушчальная норма. Мы ўжо прывыклі за гэтыя дваццаць, ці трыццаць гадоў да радыяцыі. Хрэн яго ведае, на каго гэтая радыяцыя ўплывае, а на каго не», — выказваецца пэнсійнага веку жыхарка Лежнеўкі.

наперадзе Лежнеўка

Паводле жанчыны рост захворваньняў прыпаў на першыя пасьля яго гады: «Тады ж дужа шмат было анкалёгіі. А цяпер жа людзі па старасьці паміраюць. Маладыя паміраюць, але ж яны тут не жылі пастаянна, а ў Магілёве. Вось апошнім часам тут паўміралі людзі майго веку, але яны былі сардэчнікамі».

Пра тое ж цьвердзіць і яшчэ адна жыхарка Лежнеўкі таго ж веку, што і папярэдняя суразмоўніца. Яна таксама, кажа, што правярае сабранае ў лесе:

«Хто яе баіцца, а хто не баіцца, — разважліва зазначае жанчына. — Я дык хаджу, бо мне ўжо 63 гады і калі раптам што, то мне ня страшна. Унукаў я не пускаю. Яны ня ходзяць. Меншы мой, сем гадоў яму, дык кажа: „Бабуля мне грыбоў шмат есьці нельга — там радыяцыя“. Яны ж цяпер разьбіраюцца. У кампутарах сядзяць».

Суразмоўніца даводзіць, што лежнеўцы зьбіраюць ягады толькі для сябе: «На продаж, дык трэба дужа шмат назьбіраць, — тлумачыць яна, — а ў нас шмат не назьбіраеш. Тут ягад ня дужа шмат».

дарога пасярод радыяцыйнага лесу

Аповед пра ягады, радыяцыю ды небясьпеку ад яе падхоплівае старая кабета. Яна не зважае на спорны дождж і поркаецца ў градах: Ад працы адрываецца, каб пагутарыць з заежджым:

«Дачка мая хадзіла ў ягады, але яна не правярала, — прызнаецца жанчына. — Ну, што ўжо баяцца. Мы ж ведаем, што радыяцыя ўсюды цяпер ёсьць. Куды нам падзецца ад яе. Ядзім усё. У нас ягады замарожаныя ляжаць у камэры — для сябе. Кажуць, што ў нас радыяцыі шмат, але мы не правяралі, ня будзем лішняга гаварыць».

«А што нам радыяцыі баяцца — мы яе ўжо ўдосталь наеліся», — даводзіць сваю пазыцыю яшчэ адна жыхаркі вёскі. «У нас ужо ўнутры ўсё радыяцыйнае. І грыбы ў нас бяруць і ягады бяруць, — працягвае суразмоўніца. — У нас гады два таму жанчына хадзіла правяраць. Насіла ягады з аднаго лесу, толькі ў розных шклянках. Ёй сказалі: „Вось з гэтага лесу ежце, а з гэта не“. Вось як ім можна верыць — скажыце мне?».

адна са звалак у радыяцыйным лесе

На заўвагу, што можа лепш наагул адмовіцца ад усяго ляснога, жанчына адказвае будзённа і чакана: «Ведаеце, нашы людзі наагул нічога не баяцца. І нават гэтай радыяцыі. Людзі сёньня жывуць — і добра, а заўтра памерлі, ад чаго ня важна».

Лес паабапал дарогі ў вёску з боку бабруйскай шашы, як тлумачылі суразмоўнікі, радыяцыйны. У ім ягады не зьбіраюць. Ягадныя плянтацыі месцамі ўсё ж выбраныя. Чарніцаў ня шмат. Кажуць — сёлета ня ўрадзілі.

Адна з дачніц, жанчына сталага веку, на пытаньне пра радыяцыю адказала сваім пытаньнем: «А дазымэтры, скажыце мне, хоць, дзе прадаюцца? Іх жа у продажы няма. Я дык ведаю, што чарніцы радыяцыю ўбіраюць, дык мы па яе ня ходзім. Мясцовыя жыхары, як я ўзростам, яны ні на што не зьвяртаюць ўвагі. Калі мы едзем на машыне па дарозе на бабруйскую шашу, там дзе знак („радыяцыйная небясьпека“ — рэд.), то мы бачым, што там людзі ходзяць і зьбіраюць лясное. Знак жа там зьявіўся нядаўна».

адыяцыйных знакаў няма, замест іх плякаты з заклікам берагчы прыроду

Знакаў пра радыяцыйную небясьпеку ў тым лесе адшукаць не ўдалося. Малады сасоньнік ды ельнік забруджаны ня толькі нябачнай радыяцыяй, але і бытавым сьмецьцем. Нямала ў ім несанкцыянаваных звалак.

Маладзейшыя вяскоўцы, многія цяпер як дачнікі, гаварыць пра радыяцыю наагул адмаўляліся. Дачуўшыся, што ягады з фонам, пыталіся: А ці ёсьць радыяцыя ў грыбах?«. Не даведаўшыся — адказвалі: «Праверым» і сыходзілі.

Вяскоўцаў болей за радыяцыю турбуюць куды больш надзённыя клопаты. Ля вёскі абжыліся лісы, якія пазагрызалі ў дварах амаль усіх курэй. Тыя, што засталіся ў загарадках. Упільнаваць ліс не ўдаецца. А яшчэ, паскардзіліся вяскоўцы, бабры запруджваюць рачулку, якая во-во падтопіць сялянскія хаты.

Радыяцыю ж не пабачыш і не памацаеш. Вяскоўцы цьвердзяць, што ў іх паселішчы яе няма...

Радыёцэзій, калі трапляе ў арганізм, назапашваецца ў цягліцах, сэрцы ды пячонцы. Пагражае унутраным апраменьваньнем. Найперш церпяць людзі са слабым імунітэтам ды, тым, якія маюць хранічныя хваробы.