У цэхах на «Шкловалакне» 45 градусаў

Мікола Шарах

Мінэралка ад працадаўцы, мокрыя кашулі, халодная вада на падлозе, праца ў ранішні час — так ратуюцца ад сьпёкі супрацоўнікі беларускіх прадпрыемстваў.

На прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно» цягам усяго году тэмпэратура ў цэхах высокая. Гэтымі днямі сьпёка ў памяшканьнях дасягнула 45 градусаў. Намесьнік старшыні першаснай суполкі Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалай Шарах кажа, што рабочыя ратуюцца народнымі сродкамі — мочаць кашулі і абліваюць падлогу халоднай вадой.

«Вытворчасьць на нашым прадпрыемстве ў любым разе адбываецца пры вельмі высокай тэмпэратуры, таму што тэмпэратура расплаўленага шкла, зь якім мы працуем, дасягае 2000 градусаў. Напрыклад, у цэху выпрацоўкі, дзе я працую, тэмпэратура высокая заўсёды. Але ў гэтыя дні яна анамальная, больш за 40 градусаў. 2 і 3 жніўня, я працаваў у дзьве зьмены, было 44–45 градусаў», — кажа Мікалай Шарах.

Мужчына прапрацаваў на прадпрыемстве 30 гадоў, але дбаць пра ўмовы для супрацоўнікаў, паводле яго, пачалі толькі пасьля стварэньня суполкі Свабоднага прафсаюзу. Цяпер, калі тэмпэратура на вуліцы дасягае 25 градусаў, наймальнік выдае супрацоўнікам па паўлітра мінэральнай вады. Кандыцыянэр на прадпрыемстве стары, амаль не ахалоджвае. Таму супрацоўнікі змагаюцца народнымі сродкамі: працуюць у змочаных у вадзе кашулях, робяць фантанчыкі, каб павышаць вільготнасьць паветра, паліваюць падлогу халоднай вадой.

Там, дзе наймальнік адказна ставіцца да працэсу вытворчасьці і да супрацоўнікаў, там ёсьць і кандыцыянэры, і вада для піцьця. Такая анамальная сьпёка выяўляе сэзонную праблему — яна ў нас кожны год узьнікае
Сяргей Антусевіч

«У такую сьпёку людзі шмат хварэюць, і тым, хто здаровы, даводзіцца працаваць яшчэ больш. Вытворчасьць у нас бесьперапынная, і перавесьці працу на начны час немагчыма. Праца працягваецца круглыя суткі. Бывае, што людзі трацяць прытомнасьць на працы. Або прыходзяць нармальныя, а да канца зьмены ў іх павышаецца тэмпэратура і пачынаецца ліхаманка. Самы лепшы час — пад раніцу, калі тэмпэратура зьніжаецца да 30–32 градусаў. Але ўжо з 10 раніцы зноў пачынаецца пекла. Наймальнік даплочвае нам за працу ў такой тэмпэратуры. Але найлепшае — што ніхто з начальства не паказваецца ў цэхі, калі высокая тэмпэратура», — дадае супрацоўнік «Полацак-Шклавалакна».

Кіраўнік Незалежнага прафсаюзу гарнякоў на «Беларуськаліі» Сяргей Чаркасаў кажа, што для змаганьня з анамальнай сьпёкай кіраўніцтва на ягоным прадпрыемстве пастанавіла зьмяніць распарадак дня — зьмена пачынаецца раней, рэглямэнтуюцца дадатковыя перапынкі.

Анамальна высокія тэмпэратуры, якія зафіксаваныя на полацкім прадпрыемстве, а таксама на «Беларуськаліі», — гэта ня новая сытуацыя. Паводле намесьніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча, у Беларусі тэмпэратура падымаецца вышэй за 30 градусаў кожнае лета, але далёка ня ўсе прадпрыемствы падрыхтаваныя да такіх умоваў.

У халодны час году на гэтых самых прадпрыемствах тэмпэратура апускаецца да 8–10 градусаў
Сяргей Антусевіч

«Я ведаю са свайго досьведу, што там, дзе наймальнік адказна ставіцца да працэсу вытворчасьці і да супрацоўнікаў, там ёсьць і кандыцыянэры, і вада для піцьця. Такая анамальная сьпёка выяўляе сэзонную праблему — яна ў нас кожны год узьнікае», — кажа Сяргей Антусевіч.

А лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук зьвяртае ўвагу, што беларускія прадпрыемствы не падрыхтаваныя да працы ў такіх умовах, таму што патрэбныя сур’ёзныя інвэстыцыі, каб набыць абсталяваньне, якое б кантралявала тэмпэратурны рэжым. Прычым гэта патрабуецца на прадпрыемствах ня толькі летам, але і зімой:

«У халодны час году на гэтых самых прадпрыемствах тэмпэратура апускаецца да 8–10 градусаў. Гэта вялікая праблема для супрацоўнікаў».