На экспанаце ў Нацыянальным музэі зафарбавалі бел-чырвона белы сьцяг

На выставе праекту «Арт-забор» супрацоўніца музэю зафарбавала на фатаздымку Сяргея Гудзіліна выяву бел-чырвона-белага сьцяга.

Сюжэт фатаздымку — работніца ЖЭСу зафарбоўвае графіці з выявай сьцяга на сьцяне.

Куратарка выставы ў Нацмузэі заяўляе, што ня ведае, што адбылося з працай.

Куратар праекту «Арт-забор» Антаніна Серакова патлумачыла, што прэтэнзіі да двух аб’ектаў выставы зьявіліся ў супрацоўнікаў музэяю яшчэ да яе афіцыйнага адкрыцьця:

«За музэем афіцыйна ёсьць апошняе слова: яны заўжды могуць зьняць тую ці іншую карціну. Гэта правілы гульні. Перад адкрыцьцём выставы работнікі агледзелі экспазыцыю. Ніводнай працы не зьнялі, але папрасілі зафарбаваць імёны-прозьвішчы на могілкавых надпісах у працы Руслана Вашкевіча і заклеіць сьцяг на працы Сяргея Гудзіліна. Пасьля гэтага кіраўніцтва музэю вырашыла ня толькі заклеіць сьцяг, але і замаляваць яго. У выніку атрымалася карцінка: работнік музэю замалёўвае фота, на якім работнік ЖЭСу замалёўвае надпіс. Гэта і ёсьць праца цэнзуры».

Здымаць аб’екты з выставы арганізатарам не хацелася. Мастак Руслан Вашкевіч самастойна ўнёс зьмены ў сваю працу. На гэтым факце грунтуе свае тлумачэньні супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музэю і куратарка выставы Марына Мальгіна:

«Я ня ведаю, што адбылося з працай Гудзіліна. Так, я куратарка, але я ня ведаю. Вашкевіч сам нешта рабіў са сваёй працай, нейкія зьмены ўносіў».

Антаніна Серакова кажа, што ў працы Вашкевіча работнікаў музэю турбавала магчымая рэакцыя сваякоў памерлых, помнікі якіх зафіксаваныя на фатаздымку.

«Наконт працы Гудзіліна тлумачэньняў не было, — кажа Антаніна. — Але я думаю, што мы жывём у адной рэальнасьці і ня трэба тлумачыць прычынаў, чаму яны гэта зрабілі».

Фатаздымак Сяргея Гудзіліна раней шырока публікаваўся, і параўнаць прадстаўлены цяпер у Нацмузэі варыянт з арыгіналам нескладана. Фатограф Сяргей Гудзілін раіць па тлумачэньні ісьці ў сам музэй:

«Са здымкам нешта адбылося. Але калі ідзе выстава, мастак павінен маўчаць. За яго прамаўляюць працы і кантэкст, у якім за гэтым сочыць глядач. Гэта справа кожнага. Ідзіце — і глядзіце мастацтва. Менавіта для гэтага створаныя музэі, і для гэтага туды трэба хадзіць».

Антаніна Серакова кажа, што выпадак у Нацмузэі ёй вельмі падабаецца і цалкам адпавядае канцэпцыі праекту «Арт-Забор».

Хочуць таго работнікі музэю ці не, але яны ўключыліся ў гэты арт-працэс, арт-гульню

«„Забор“ як выстава стваралася якраз для таго, каб карціны ня проста віселі, а неяк камунікавалі ня толькі з гледачом, але і з самім музэем. Хочуць таго работнікі музэю ці не, але яны ўключыліся ў гэты арт-працэс, арт-гульню», — кажа Антаніна.

А на пытаньне, ці сьцяг быў замаляваны са згоды аўтара, Антаніна адказвае: «Не».

«Але я Сяргея папярэдзіла, што так будзе. Варыянтаў насамрэч было два: ці здымаць працу, ці ўключыцца ў гэтую гульню».

Зрэшты, на думку Антаніны, дзеяньні супрацоўнікаў Нацмузэю ўсё роўна сталі б вядомымі так ці інакш.

Бачыць Антаніна ў гэтай гісторыі і пазытыўны момант:

«Сучаснае мастацтва — нашмат больш складаны працэс, чым „стымул — рэакцыя“. Работнікі музэю хацелі нешта схаваць, а атрымалася, што яны гэта падкрэсьлілі... Я ўпэўненая, што гадоў пяць таму гэты фатаздымак зьнялі б без тлумачэньня прычынаў. І ў тым, што гэтую працу пакінулі, ёсьць вельмі харошы сымптом, — кажа куратар. — Думаю, самі ўлады ня ведаюць, як ім быць: ім нібыта і хочацца працаваць з сучасным мастацтвам, але няясна, што з гэтага атрымаецца».

Арт-праект «Забор» арганізаваны інвэстыцыйнай кампаніяй «Зубр-капітал», у яго рамках экспануюцца творы сучаснага мастацтва з калекцыі кампаніі. Першапачаткова праект разьмяшчаў арт-аб’екты на платах і агароджах. Першая выстава адбылася ў Менску на агароджы парку Чалюскінцаў. Пазьней выставы прайшлі ва ўсіх абласных гарадах Беларусі і ў Варшаве.