Эсэ Вацлава Гаўла выйшлі па-беларуску

У Менску сёньня прайшла прэзэнтацыя кнігі прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла «Жыцьцё ў праўдзе». На ёй пабывала наша карэспандэнтка.

На прэзэнтацыю кнігі «Жыцьцё ў праўдзе» прыйшлі і палітыкі, і пісьменьнікі, прадстаўнікі амбасады Чэскай Рэспублікі ў Беларусі.

«Жыцьцё ў праўдзе» — кніга, куды ўвайшлі сем сусьветна вядомых праграмных эсэ Вацлава Гаўла часоў яго дысыдэнцтва ў камуністычнай Чэхаславаччыне, а таксама сем прамоваў з часоў яго прэзыдэнцтва. Апрача гэтага ў кнігу ўключана дэклярацыя «Хартыі-77», да стварэньня якой Гавэл меў непасрэднае дачыненьне.

Пераклад кнігі на беларускую мову зрабілі Сяргей Сматрычэнка і Юлія Сматрычэнка, прадмову напісаў Лявон Баршчэўскі.

Прамаўляючы падчас імпрэзы, амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт сказаў, што праз гэтую кнігу беларускія чытачы змогуць лепш пазнаць унутраны сьвет Вацлава Гаўла, лад яго мысьленьня, а таксама даведацца больш пра тыя падзеі, якія адбываліся ў колішняй Чэхаславаччыне.

Чым тэксты Гаўла цікавыя для беларусаў? Ня толькі тым, што гэта выбітны палітык і творца. Гавэл — чалавек, які быў вельмі блізкі і неабыякавы да Беларусі. Для яго Беларусь не была абстрактнай краінай. Вацлаў Гавэл спрыяў знаходжаньню ў Чэхіі Васіля Быкава. Ён быў адным з апекуноў пры стварэньні Свабоднага тэатру. Ён уласнаручна пісаў лісты беларускім палітвязьням — Алесю Бяляцкаму і Андрэю Саньнікаву.

Акрамя таго, гэтая кніга цікавая тым, што яна вельмі актуальная і для сучаснай Беларусі. Выдаўцы кнігі, рэдактары, перакладчыкі, якія бралі слова падчас імпрэзы, падкрэсьлівалі ў кожным слове: кніга Гаўла — ілюстрацыя сёньняшняга дня Беларусі.

Беларусам кніга цікавая тым, што яна дае надзею. Тыя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, ужо прайшлі ў іншых краінах Эўропы, і як бы цяжка ні было перажываць часы таталітарызму, дыктатуры — прыклад Чэхіі, прыклад Гаўла даюць спадзяваньне на лепшае, на тое, што часы неўзабаве зьменяцца.

Уладзімер Някляеў, які ўзяў слова на прэзэнтацыі, сказаў, што яго таксама ўразіла пазыцыя Вацлава Гаўла, які ўвесь час казаў пра чыстую палітыку. Някляеў прызнаўся, што эсэ Гаўла «Сумленьне і палітыка» зрабіла асабіста на яго вялікае ўражаньне.

Іншыя выступоўцы таксама зазначалі, што гэтая кніга будзе цікавая і палітыкам, якім варта будзе прачытаць яе, каб бачыць прыклад — як можна змагацца зь любымі рэжымамі.

На завяршэньне імпрэзы адбылося мастацкае чытаньне аднаго з твораў Гаўла. Прыемнай нечаканасьцю для тых, хто прыйшоў на прэзэнтацыю, было тое, што кожны атрымаў кнігу Вацлава Гаўла ў падарунак.

Кніга Вацлава Гаўла «Жыцьцё ў праўдзе» выйшла ў выдавецтве «логвінаЎ», яе можна свабодна набыць у аднайменнай кнігарні.