На ўсходзе Ўкраіны зьбіраюць абломкі зьбітага «Боінга-777»

Нідэрляндзкія ўлады паведамілі, што адмысловая брыгада пачала працы па зборы абломкаў малайзійскага самалёта на тэрыторыі, кантраляванай сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны.

Самалёт «Боінг-777», на борце якога знаходзіліся 298 чалавек, быў зьбіты 17 ліпеня. Апэрацыя па зборы абломкаў праводзіцца пад наглядам сьледчых з Нідэрляндаў і афіцыйных прадстаўнікоў АБСЭ. Чакаецца, што ўсе работы павінны завяршыцца на працягу дзесяці дзён.

Спробы расьсьледаваць акалічнасьці авіякатастрофы неаднаразова перарываліся з-за баявых дзеяньняў паміж украінскай арміяй і прарасейскімі сэпаратыстамі.

Сабраныя абломкі будуць сканцэнтраваныя ў адным месцы ў раёне падзеньня, затым адпраўленыя ў Харкаў для далейшага транспартаваньня ў Нідэрлянды.

Большасьць загінулых пасажыраў былі падданымі Нідэрляндаў. Самалёт «малайзійскага авіяліній» накіроўваўся з Амстэрдама ў Куала-Лумпур.