Бізнэс — уладам: Вы траціце больш, чым мы можам вам даць

Асамблея дзелавых колаў

Беларускі бізнэс просіць улады аслабіць ціск і не перашкаджаць прадпрымальнікам працаваць, але ўжо слаба верыць, што ўрад іх пачуе.

Пра гэта ішла размова падчас XVI Асамблеі дзелавых колаў, якая адбылася ў Менску 4 сакавіка.

Андрэй Карпунін

«Сутнасьць гэтага году ня ў тым, што мы кепска працуем ці мы атрымалі нейкія зьнешнія праблемы. Сутнасьць праблемы гэтага году ў тым, што дзяржава зьвярстала бюджэт, а мы з вамі не дацягваем да гэтага бюджэту па ўнясеньні ў яго даходаў. Таму нашы ўзаемаадносіны з уладамі павінны заключацца не ў пытаньні, колькі мы яшчэ павінны дзяржаве. Пытаньне павінна стаяць па-іншаму: дзяржава, можа, ты крыху больш траціш, чым мы можам табе даць?» — заявіў на Асамблеі старшыня Рады дырэктараў ІПА «Рэгістар», старшыня Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін.

Асамблея дзелавых колаў

«Мы згодныя, што ўладам трэба дапамагчы ў гэты час, таму што трэба плаціць заробкі настаўнікам і лекарам. Але давайце будзем сумленнымі: у гэты ж самы момант на куплю аўтатранспартных сродкаў (не спэцыяльнага прызначэньня, а звычайных сваіх легкавых аўтамабіляў) розныя органы ўлады ў краіне, паводле ацэнак экспэртаў аўтаіндустрыі, выдаткавалі амаль паўмільярда даляраў. Гэта значыць, атрымліваецца перакос: мы разумеем, што трэба фінансаваць зарплаты лекараў і настаўнікаў, а зь іншага боку, яны гэтыя грошы трацяць на набыцьцё новых Land Rover. А калі мы ўсе сёньня заціснутыя ў адной лодцы з адным вяслом, то давайце разам гэтым вяслом і карыстацца», — заявіў ён.

XVI Асамблея дзелавых колаў была адзначаная дастаткова салідным прадстаўніцтвам улады. У Асамблеі прынялі ўдзел тры намесьнікі міністраў (ад Міністэрства эканомікі, Міністэрства гандлю і Міністэрства па падатках і зборах), а таксама некалькі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Аднак, нягледзячы на дэкляратыўныя заявы аб неабходнасьці дыялёгу і супрацоўніцтва паміж бізнэсам і ўладай, веры ў такі дыялёг практычна няма, што і было засьведчана на Асамблеі.

Згодна з агучанымі на Асамблеі дадзенымі сацыялягічнага дасьледаваньня, толькі 5,6% беларускіх бізнэсмэнаў вераць уладам, а 80% не давяраюць, прычым узровень недаверу за апошнія месяцы істотна вырас. На такую дынаміку паўплываў цэлы шэраг непрадуманых і памылковых, з пункту гледжаньня прадпрымальнікаў, рашэньняў уладаў, якія прымаліся ў апошні час.

«Урад сёньня ня ў стане дапамагчы прыватнаму бізнэсу, ён у стане хаця б не перашкаджаць, ня ставіць яго ў загадзя нявыгадныя канкурэнтныя ўмовы»
Урад сёньня ня ў стане дапамагчы прыватнаму бізнэсу, ён у стане хаця б не перашкаджаць
«Урад сёньня ня ў стане дапамагчы прыватнаму бізнэсу, ён у стане хаця б не перашкаджаць, ня ставіць яго ў загадзя нявыгадныя канкурэнтныя ўмовы»

«Урад сёньня ня ў стане дапамагчы прыватнаму бізнэсу, ён у стане хаця б не перашкаджаць, ня ставіць яго ў загадзя нявыгадныя канкурэнтныя ўмовы», — заявіў старшыня РГА «Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя» Аляксандр Швец.

Ён заклікаў улады да рашучых захадаў, каб не даводзіць сытуацыю да эканамічнай катастрофы:

«У пачатку 20-х бальшавікі абвясьцілі новую эканамічную палітыку, таму што ў грамадзтве наступіў рэальны каляпс. Я б хацеў прасіць урад: ну, давайце разам распрацуем і рэалізуем новую эканамічную палітыку, давайце не даводзіць да яшчэ большых эканамічных складанасьцяў», — адзначыў Швец.

Уладзімір Карагін, старшыня Менскага сталічнага зьвязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў

Аднак разуменьня ва ўладаў прадпрымальнікі сёньня не сустракаюць. Старшыня прэзыдыюма «Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва» Ўладзімер Карагін абвінаваціў некаторыя міністэрствы ў «сабатажы» дыялёгу паміж бізнэсам і ўладай:

«Прадстаўляючы ў парлямэнце новага прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, прэзыдэнт сказаў прама і адназначна: каб урад не сядзеў у кабінэтах і пайшоў сустракацца з прадпрымальнікамі. Мы паглядзім, як некаторыя міністэрствы выконваюць гэты наказ. У нас ёсьць нашы традыцыйныя саюзьнікі — гэта міністэрствы эканамічнага блёку. Але цэлы шэраг міністэрстваў па-ранейшаму сабатуе дыялёг бізнэсу і ўлады — і ў грамадзка-кансультатыўных радах пры міністэрствах, і падчас сустрэчаў, і з пункту гледжаньня меркаваньняў прадпрымальнікаў у прынцыпе».

Уладзімір Карагін і Аляксандр Калінін, старшыня Беларускага зьвязу прадпрымальнікаў.

Зрэшты, улада таксама агучыла прэтэнзіі да бізнэсоўцаў. Намесьнік міністра гандлю Ірына Наркевіч панаракала на тое, што прадстаўнікі бізнэсу толькі і робяць, што патрабуюць, а самі, як правіла, не законапаслухмяныя і нядобрасумленныя. У якасьці прыкладу намесьнік міністра прывяла апошнія рэйды Мінгандлю па кірмашах, падчас якіх была выяўлена процьма грубых парушэньняў.

Ірына Касьцевіч, намесьнік міністра эканомікі Беларусі

«Які дыялёг можа быць паміж бізнэсам і ўладай, калі арганізатары кірмашу, як суполка грамадзтва, павінны нешта рабіць, але зусім ня хочуць рабіць. Але ён пры гэтым патрабуе! Вось вам і дыялёг», — заявіла Ірына Наркевіч.

Прадпрымальнікі падчас Асамблеі ўзьнялі праблему непразрыстасьці даходаў і выдаткаў дзяржструктураў, а таксама дзяржаўнага пратэкцыянізму, «якім усё вакол прасякнута».

Старшыня Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін, у прыватнасьці, заклікаў раскрыць інфармацыю пра даходы і выдаткі «Белдзяржстраха», які праз абавязковае страхаваньне «зьядае» ў сярэднім 0,7% фонду аплаты працы ўсёй Рэспублікі Беларусь.

Ён таксама заклікаў Міністэрства па падатках і зборах вярнуць прадпрымальнікам «права плаціць падаткі бясплатна» — гэта значыць, бяз розных пабораў, якія фактычна прымусова ўводзяць чыноўнікі.

«Хацелася б папрасіць Міністэрства па падатках і зборах усё ж такі раскрыць дадзеныя па даходах і выдатках РУП „Інфармацыйна-выдавецкі цэнтар па падатках і зборах“. Ці дастаткова яны атрымліваюць грошай за электронныя лічбавыя ключы, ці пакрывае гэта іх выдаткі на інфарматызацыю падатковага адміністраваньня? Можа, у нас ёсьць рэзэрвы і ў гэтым аспэкце?» — пацікавіўся Карпунін.