Дзярждэпартамэнт ЗША зьняў санкцыі зь «Беларуснафты»

  • БелаПАН

Дзярждэпартамэнт дзяржаўны дэпартамэнт ЗША

Дзярждэпартамэнт ЗША адмяніў санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемства «Беларуснафта», якія дзейнічалі з 29 сакавіка 2011 году. Адпаведнае рашэньне за подпісам памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаньнях эканомікі і бізнэсу Курта Тонга апублікавана ў Фэдэральным рэгістры.

«Дзяржаўны сакратар прыняў рашэньне зьняць санкцыі, накладзеныя ў адпаведнасьці з Актам аб санкцыях у дачыненьні да Ірана 1996 году, з рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „Беларуснафта“ ў сувязі з тым, што кампанія больш не займаецца дзейнасьцю, якая падпадае пад санкцыйныя абмежаваньні, а таксама атрыманы гарантыі, што ня будзе займацца падобнай дзейнасьцю ў будучыні. Такім чынам, некаторыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да „Беларуснафты“ 29 сакавіка 2011 году, больш ня дзейнічаюць», — гаворыцца ў дакумэнце.

Санкцыі ў дачыненьні да «Беларуснафты» былі накладзеныя Дзярждэпартамэнтам ЗША ў сакавіку 2011 году ў сувязі з кантрактам беларускага прадпрыемства з іранскай кампаніяй NaftIran Intertrade.

Злучаныя Штаты робяць дадатковыя захады дзеля ўзмацненьня ціску на Іран за яго адмову выканаць свае міжнародныя абавязаньні ў сувязі зь ядзернай праграмай

«Злучаныя Штаты робяць дадатковыя захады дзеля ўзмацненьня ціску на Іран за яго адмову выканаць свае міжнародныя абавязаньні ў сувязі зь ядзернай праграмай, — гаварылася ў паведамленьні Дзярждэпартамэнту. — Адзін з ключавых элемэнтаў нашай стратэгіі факусуецца на іранскіх магутнасьцях па здабычы нафты і газу, якія, як прызнаецца ў рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН № 1929, Іран выкарыстоўвае, каб фінансаваць сваю дзейнасьць па распаўсюджваньні [ядзернай зброі], а таксама каб маскіраваць імпарт тавараў падвойнага прызначэньня».

«У рамках гэтай стратэгіі Дзярждэпартамэнт увёў санкцыі ў дачыненьні да беларускай дзяржаўнай энэргетычнай кампаніі „Беларуснафта“ ў адпаведнасьці з Законам аб санкцыях у дачыненьні да Ірана 1996 году, дапоўненым Законам аб усёабдымных санкцыях у дачыненьні да Ірана, прыцягненьні да адказнасьці і дывэставаньні 2010 году, — за яе ўдзел у іранскім нафтавым сэктары», — адзначалася ў паведамленьні Дзярждэпу.

Дзярждэпартамэнт, у прыватнасьці, устанавіў, што ў 2007 годзе ВА «Беларуснафта» заключыла кантракт на 500 млн даляраў ЗША з іранскай NaftIran Intertrade Company дзеля распрацоўкі нафтавага радовішча «Джафэйр». Закон 1996 году прадугледжвае накладаньне санкцыяў на кампаніі, якія інвэстуюць больш за 20 млн даляраў.