Койданава замест Дзяржынску, Качэрычы замест Кіраўску, але ці вяртаць назву Раманава замест Леніна?

Сяргей Харэўскі

Якія беларускія гарады і паселішчы давядзецца пераймяноўваць, калі хваля дэкамунізацыі з Украіны дакоціцца да Беларусі? На пытаньні адносна беларускай дэкамунізацыі ў сфэры тапанімікі адказаў гісторык, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Карэспандэнт: Ва Ўкраіне прыняты закон, які абавязвае цягам паўгода зьнесьці помнікі камуністычнага рэжыму, замяніць камуністычныя назвы вуліц і вярнуць населеным пунктам іх гістарычныя назвы. Аказалася, што ва Ўкраіне пад перайменаваньне падпадаюць дзясяткі гарадоў, у тым ліку вялікія абласныя цэнтры, як той жа Днепрапятроўск ці буйны порт Ільічоўск. Адных Дзяржынскаў прыйдзецца пераймяноўваць некалькі. А наколькі маштабнае перайменаваньне населеных пунктаў чакае Беларусь, калі і да яе дойдзе чарга займацца дэкамунізацыяй?

Харэўскі: Варта адзначыць, што, нягледзячы на ўсе намаганьні па саветызацыі Беларусі, у тым ліку ў часы Пятра Машэрава, насамрэч зусім ня шмат у нас такой выразна савецкай тапанімікі. Качэрычы ў Кіраўск перайменавалі, Койданава перайменавалі ў Дзяржынск, прычым назву станцыі Койданава пакінулі, яшчэ ёсьць райцэнтар Акцябрскі — такі дзіўны небеларускі нэалягізм замест беларускай Рудабелкі. А астатнія, кшталту Светлагорску замест Шацілкавіч ці Слаўгарада замест Прапойску — гэта ўсё ж ня чыста савецкія назвы. То бок калі казаць пра перайменаваньне населеных пунктаў з савецкімі назвамі — гэта ня вельмі для нас актуальна. Не параўнаць з Украінай, дзе ў кожнай вобласьці ў цэнтральнай, усходняй ці паўднёвай частках краіны ёсьць такія выразна савецкія назвы.

Карэспандэнт: Вы ня лічыце, што нам увогуле патрэбнае перайменаваньне гарадоў?

Харэўскі: Проста гэтая праблема не такая вострая ў нас. У нас востра стаіць праблема перайменаваньня вуліц. Тут мы маем калясальны пласт. У тым жа Менску больш за 70% тапанімікі зьвязана з савецкім пэрыядам. У нас дэсаветызацыя назваў вуліц адбываецца спакваля і непасьлядоўна. Пасьля 90-х гадоў гэтая справа была згорнутая, перайменаваньні адбываюцца кропкава. Кіраўніцтва Менгарвыканкаму ўвогуле заняло рашучую пазыцыю, што хопіць перайменаваньняў, і нават працягвае прышчапляць новыя савецкія назвы. Вось назвалі набярэжную Сьвіслачы ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, а цяпер, у сьвятле падзеяў ва Ўкраіне, гэта гучыць вельмі двухсэнсоўна. У Менску проста вяртаньня гістарычных назваў для дэсаветызацыі тапанімікі недастаткова, бо такіх вуліц няшмат, яны толькі ў цэнтры. І нават калі ў Менску вярнуць назвы 10 вуліц — гэта ня зьменіць сытуацыі цалкам.

Карэспандэнт: Хіба можна правесьці десаветызацыю назваў вуліц і не закранаць назваў паселішчаў? Вось пад Берасьцем ёсьць пасёлак Ленінскі, у Магілёўскай вобласьці — вёска Леніна, дзе пачынала баявы шлях польская дывізія імя Тадэвуша Касьцюшкі. Няўжо на вякі пакінуць гэты напамін пра таталітарнае мінулае?

Харэўскі: Тут трэба яшчэ разабрацца і вызначыцца, што на што мяняць. Леніна ў Магілёўскай вобласьці, пра якое вы кажаце, раней называлася Раманава. Ці варта вяртаць гэтую назву? Даволі дыскусійнае пытаньне. А ёсьць яшчэ мястэчка Ленін Жыткавіцкага раёну — дык гэта спрадвечная яго назва. Таксама мяняць, бо людзі ўсё роўна ж будуць зьвязваць гэтую назву з пэўнай асобай? Альбо: ці лічыць савецкай назвай вельмі беларускую назву Чэрвень, якая зьявілася ў гонар таго, што мястэчка Ігумен у чэрвені 1919 году Чырвоная армія адбіла ў палякаў? То бок у выніку мы вядзем размову пра 5–6 тапонімаў, якія па вялікім рахунку ня робяць надвор’я ў сьвядомасьці народу, бо гэта ня самыя вялікія гарады і мястэчкі.

Карэспандэнт: Але ёсьць прыклады больш пэўныя. Вось Дзяржынску трэба вярнуць гістарычную назву Койданава — ці і тут ня варта чапаць?

Харэўскі: Мяркую, безумоўна трэба. Я катэгарычна за тое, што трэба вяртаць гістарычныя назвы нашым паселішчам і вуліцам. І за тое, каб знаходзіць добрыя назвы для раёнаў вялікіх гарадоў замест гэтых Кастрычніцкіх, Савецкіх і Фрунзенскіх раёнаў. Але я не лічу, што народ ня можа памыляцца, і заклікаю не рабіць перайменаваньня з гарачкі, не пускаць гэтую справу на самацёк, каб не нарабіць зноўку памылак. Вось калі ў вас баліць зуб, дык вы ідзяце да стаматоляга? Гэтак і тут. Калі паўстане такое пытаньне, павінна быць складзеная камісія з адмыслоўцаў у тапаніміцы, гісторыкаў, філёлягаў, якія дадуць, спусьцяць уніз гэты рэцэпт — што рабіць, каб вылечыць хваробу. Натоўп тут не павінен дзейнічаць. У гэтым сэнсе мне вельмі падабаецца прыклад Літвы, дзе ў Вільні сабралася камісія з адмыслоўцаў і за месяц зрабілі сто перайменаваньняў вуліцаў. Выдрукавалі на чатырох мовах брашуркі з указаньнем новых маршрутаў і тлумачэньнямі, чаму была вернутая тая ці іншая назва. І людзі з гэтым пагадзіліся. Мяркую, і нам трэба гэтак рабіць, таму што калі мы пачнём галасаваць за новыя назвы Фрунзенскага раёну, дык усё гэта ператворыцца ў фарс. Або, прыкладам, ці трэба пакідаць у вёсцы Газа Астравецкага раёну помнік Карлу Марксу? Я жартую, што на Гарадзеншчыне можна толькі памяняць на помніках Марксу імя з Карла на Міхаіла, ураджэнца Слоніма, які знакаміты тым, што стварыў славутую кампанію супэрмаркетаў «Маркс і Спэнсэр». У нас, на шчасьце, ёсьць час, каб паставіцца да гэтага з доляй гумару, ёсьць час, каб паставіцца да гэтага крэатыўна. Вось як быць з тымі помнікамі Леніну, якіх сотні, але зь іх, можа, толькі тузін мае нейкую мастацкую і гістарычную каштоўнасьць? Хай камісія адмыслоўцаў вызначыць, якія вартыя захаваньня, і прызначыць ім месца ў музэях, а астатнія з-за нізкіх эстэтычных якасьцяў і нетрываласьці матэрыялу мусяць быць пушчаныя ў друз. Калі мы не талібы.

Карэспандэнт: Супроць перайменаваньняў часта гучыць той аргумэнт, што гэта вельмі дарагое мерапрыемства, да таго ж яно нясе людзям доўгачасовыя невыгоды. Хіба ня гэтак?

Харэўскі: Ведаеце, хто хоча, той шукае магчымасьці, хто ня хоча, шукае прычыны. За 22 гады ужо можна было некалькі разоў усё перайменаваць, калі б было такое жаданьне. Ня думаю, што правядзеньне «Дажынак» альбо бясконцае сьвяткаваньне мілітарных сьвятаў абыходзіцца таньней. Але тут павінна быць ініцыятыва як зьверху, гэтак і зьнізу, бо таксама будзе дзіўнавата гвалтам пераймяноўваць, пакуль людзі да гэтага не гатовыя, калі людзі прызвычаіліся называць сябе «дзяржынцамі».