Уладзімер Парфянок: Я вярнуся да Срэбнай Фатаграфіі

Your browser doesn’t support HTML5

Упершыню на Свабодзе — вядомы беларускі фотамастак, удзельнік шматлікіх міжнародных выставаў, вэтэран нефармальных аб’яднаньняў фотамастакоў, сябра Саюзу беларускіх дызайнэраў Уладзімер Парфянок.

Фрагмэнты перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Пытаньне да вас, Уладзімер, як да аднаго з арганізатараў творчага працэсу. Некалькі месяцаў таму ў сьвет выйшла вельмі грунтоўная кніга — «Творчая фатаграфія ў Беларусі». Яе складальнік — вы. Чаму выхад у сьвет гэтай кнігі-альбома быў мала заўважаны грамадзкасьцю, спэцыялістамі, крытыкай, прэсай?

Уладзімер Парфянок: Ня ведаю. Магчыма, таму, што яна выйшла невялікім накладам і не стаіць на паліцах. Магчыма, і таму, што наша фатаграфічная тусоўка зноў падзеленая на групоўкі, і я апошнія гадоў пятнаццаць не назіраю нейкай кансалідацыі. На жаль...

Ракіцкі: Кніга адлюстравала працэсы ў разьвіцьці мастацкай фатаграфіі ў краіне, зафіксавала найбольш цікавыя творы. Значыць, працэс ідзе. І мастацтва фатаграфіі ў Беларусі ёсьць...

Парфянок: Канечне, і яно на вельмі прыстойным узроўні. Вось, прыкладам, расейскае выдавецтва «Росфото» выдала кнігу «Минская школа фотографии». У ёй каталёг выставы беларускіх фотамастакоў, якая адбылася ў Санкт-Пецярбургу ў мінулым годзе. Яны ўпершыню паказалі такую вялікую колькасьць фатаздымкаў са сваёй калекцыі.

Ракіцкі: Расейцы прызнаюць, што існуе своеасаблівая менская школа фатаграфіі?

Парфянок: Так, хоць гэты тэрмін не яны прыдумалі. Гэты тэрмін упершыню прагучаў з вуснаў фінскага куратара яшчэ на пачатку 1990-х гадоў. Ён адзначыў, што беларуская фатаграфія мае свае рысы.

Ракіцкі: Якія яны?

Парфянок: Я думаю, што наша фатаграфія перадусім філязафічная. Яна менш выбуховая, больш аналітычная. Зрэшты, ёй уласьцівыя тыя ж якасьці, як і самім беларусам. Я параўноўваю яе найперш з украінскай фатаграфіяй і расейскай. Гэта было асабліва бачна на сумеснай беларуска-ўкраінска- расейскай выставе 1994 году ў Маскве ў Цэнтральным доме мастака.

Ракіцкі: А дзе знаходзіцца беларуская творчая фатаграфія на мапе Эўропы?

Парфянок: Складана сказаць, але, як я думаю, дзесьці паміж. А зрэшты, навошта на якую мапу трапляць? У нас ёсьць сваё месца.

Ракіцкі: А беларускай дзяржаве цікавае, патрэбнае сваё, айчыннае фотамастацтва? Ці і сёньня, як у 1970-я, 1980-я гады, працэс разьвіцьця мастацтва — гэта справа прыватных ініцыятываў, аматарства?

Парфянок: Узровень фатаграфіі, натуральна, сёньня ўжо далёка не аматарскі. Але калі казаць пра падтрымку дзяржавы, напрыклад, у параўнаньні зь Літвой, дзе Саюз фотамастакоў Літвы фактычна датацыйны, дзе дзьве яго галерэі датуюцца дзяржавай, дык у нас няма нічога.

Ракіцкі: Часта высокія чыны Беларусі заяўляюць, што грошы трэба ўкладваць у тое, што годна прэзэнтуе дзяржаву на міжнародным узроўні, перадусім у спорт — хакей, мастацкую гімнастыку, біятлён. А ў культуры, маўляў, няма нічога такога, што дадавала б славы краіне. А я вас слухаю і думаю, што можна было б у фотамастацтва ўкладваць грошы. Дык у чым праблема?

Парфянок: Натуральна. Між іншым, Літва зрабіла стаўку на баскетбол і фатаграфію. Гэта тыя два брэнды, якія яна дэманструе вонкаваму сьвету. І таму там столькі выходзіць кніг пра фатаграфію. У Літве кожны аўтар майго веку мае два-тры альбомы. Існуе музэй фатаграфіі ў Шаўляі. Там нават у кожным маленькім гарадку існуе фатаграфічная галерэя. І, дарэчы, да месца тут узгадаць сёлетняе Вэнэцыянскае біенале. Дык вось, на яго ад Беларусі трапіў фатаграфічны праект. Не скульптура, ня жывапіс, а менавіта фатаграфія. Прычым аналітычная, гістарычная.

Ракіцкі: Дзесьці на пачатку новага тысячагодзьдзя вы напісалі: «І хоць сёньня я выкарыстоўваю розныя спосабы кантакту з бачнай рэальнасьцю (сярод якіх лічбавая фота- і відэакамэра), але чамусьці перакананы, што я не застаўся ў поўным адзіноцтве ў сваёй веры ў Срэбную Фатаграфію...» Дарэчы, два апошнія словы напісаныя зь вялікай літары. Вы і сёньня ў яе верыце?

Парфянок: Так. У гэтым сэнсе я старавер, і я вярнуся да срэбнай фатаграфіі. Новыя тэхналёгіі, натуральна, даюць новыя магчымасьці, але срэбра ёсьць срэбра. Гэта нешта такое магічнае, менавіта там фатаграфія і выявіла сваю ўнікальнасьць. Зь лічбавай камэрай мы атрымліваем выяву, а не фатаздымкі. Бром-срэбная фатаграфія дазваляе зрабіць адзінкавы здымак, унікальны, які ня будзе тыражавацца. Яна дазваляе зрабіць унікат.