Жыхар Чашнікаў пра карумпаванасьць кіраўніка раёну: Разьмяркоўваў прадпрымальнікам, хто мусіць яму пабудаваць камін, хто — лазьню

Старшыня Чашніцкага райвыканкаму Ўладзімер Булай

На мінулым тыдні Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманьне паводле падазрэньня ў карупцыі старшыняў Рагачоўскага і Чашніцкага райвыканкамаў. Тады ж Радыё Свабода цікавілася ў жыхароў Рагачова іхняй думкай пра дзейнасьць на пасадзе старшыні Рагачоўскага райвыканкаму Сяргея Якаўлева. А што думаюць пра арышт кіраўніка Чашніцкага раёну Ўладзімера Булая жыхары гэтага раёну?

Спадар Сяргей з Новалукомля (гэта другі па значэньні горад Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці) працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, таму просіць не называць ягонага прозьвішча. «Усе ведаюць пра гэта», — з ходу адказаў спадар Сяргей на маё пытаньне, ці вераць жыхары раёну, што арыштаваны старшыня датычны да карупцыі. Пра якія дакладна прэтэнзіі да высокага чыноўніка кажуць у раёне?

«Кажуць, што карыстаўся паслугамі прадпрымальнікаў, фактычна бясплатна, прычым як ён, гэтак і ягоныя сямейнікі. Проста прыяжджаў на прадпрыемства, выбіраў сабе нешта з тавараў, як тыя ж дзьверы, і нават не разьлічваўся. Відаць, у прадпрымальнікаў „накіпела“ — і напісалі пра яго. Яшчэ кажуць пра рамонт кватэры сыну ці маці, і што з ЖКГ яму і падлогу мянялі па некалькі разоў, і дзьверы, а ўсё ніяк не маглі зрабіць гэтак, як яму было трэба. Другое, пра што кажуць, — што на сьвяткаваньне юбілеяў Чашнікаў і Новалукомля разьмяркоўваў, хто з прадпрымальнікаў колькі грошай мусіць заплаціць, а грошы потым „зьнікалі“. Зразумела, яго прэзыдэнт прызначыў на пасаду, ён тут гаспадарыць як хоча, ніхто слова не скажы. Калі што, ніхто тут ня знойдзе больш працы. Ён гэтым вельмі карыстаўся».

Паводле крыніцы з Новалукомлю, у гэтым горадзе сьледчыя таксама зацікавіліся некаторымі чыноўнікамі, якія дзейнічалі разам з Уладзімерам Булаем.

На сайце Чашніцкага райвыканкаму зьвестак пра старшыню Ўладзімера Булая цяпер няма. Паводле крыніц у раёне, кіраваў ён з 2011 году, раней шмат гадоў працаваў намесьнікам старшыні райвыканкаму, курыраваў сельскую гаспадарку, што адпавядае ягонай адукацыі і былой пасадзе — калісьці ён быў калгасным старшынём. Пра тое, як кіраваў раёнам Уладзімер Булай, былы жыхар Чашнікаў Аляксей гэтак і кажа: «Як калгасам».

«Чалавек з маленькай вёскі, з такім жа ўзроўнем адукацыі, пісьменна выказацца ня мог. Што значыць такому чалавеку атрымаць уладу ў раёне? Хоць маленькую, але ўладу? Адпаведна, у людзей „зносіць дах“ і яны пачынаюць карыстацца момантам. Тут ён дом сабе пабудаваў, прымушаў сабе лазьню, каміны будаваць бясплатна — гэтак мне скардзіліся з розных арганізацыяў, калі я жыў у раёне і займаўся журналістыкай, пісаў артыкулы пра злоўжываньні. Таму на 200% перакананы, што тое, пра што абвясьціў Сьледчы камітэт адносна Булая, адпавядае рэчаіснасьці. Але разумееце, у чым справа: справядліва ж людзі заўважаюць, што гэтак робяць усе чыноўнікі, а пасадзілі цяпер толькі двух».

Сьледчы камітэт Беларусі пра арыштаванага старшыню Чашніцкага райвыканкаму паведаміў наступнае:

«Сьледзтвам высьветлена, што старшыня Чашніцкага райвыканкаму зь ліпеня 2011 па травень 2015 году, дзейнічаючы з карысьлівай ды іншай асабістай зацікаўленасьці, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, даваў загады кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацыяў Чашніцкага раёну аб перадачы яму і членам ягонай сям’і таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў».

Таксама сьледчыя падазраюць Уладзімера Булая ў тым, што ён не аплачваў некаторыя паслугі, якія яму аказвалі пры будоўлі дома.

Якія дасягненьне ў дзейнасьці Ўладзімера Булая на пасадзе старшыні райвыканкаму адзначылі мае суразмоўцы? Спадар Сяргей заўважыў, што Чашнікі ў апошнія гады сталі добра выглядаць, а раён мае ня горшыя паказчыкі ў вобласьці па выніках разьвіцьця, праўда, найперш дзякуючы Новалукомскай ГРЭС. Што да палітычнага жыцьця ў раёне, то, паводле суразмоўцы, усё ў заняпадзе.

«Якія і былі актывісты, сьцішыліся альбо пазьяжджалі», — зазначыў спадар Сяргей.

Былы раённы актывіст Аляксей гэта пацьвердзіў, пры гэтым не пагадзіўся, што добраўпарадкаваньне Чашнікаў — заслуга старшыні райвыканкаму Ўладзімера Булая.

«Калі грошы дадуць, дык усё можна зрабіць. Але сам ён для гораду нічога не зрабіў», — мяркуе Аляксей.