Віцебшчына: на выбарчых участках было малалюдна, але выбары адбыліся ўжо апоўдні

Улады сьцьвярджаюць, што амаль 40% выбаршчыкаў Віцебскай вобласьці прыйшлі на ўчасткі падчас датэрміновага галасаваньня. Гэта — афіцыйная лічба Цэнтравыбаркаму. За кошт чаго дасягнулі такіх высокіх паказьнікаў?

Назіральнік ад Партыі левых «Справядлівы сьвет» Вадзім Кузьмін перакананы, што сваю ролю адыграў ціск на студэнтаў ВНУ. На ўчастку № 47 Першамайскага раёну, які месьціцца ў Тэхналягічным унівэрсытэце, цягам першай гадзіны дня выбараў не прагаласавала і дзясятка чалавек, кажа назіральнік:

«Было чалавек 6 ці ўвогуле 4. Няма народу. Вось у першы дзень, калі студэнты цэлымі групамі ішлі, было 200 чалавек. І ў наступныя — па 170, па 150 чалавек. У суботу, калі студэнты паехалі дадому, было ўжо 40 зь нечым. А сёньня ўвогуле мала, мала народу».

Людзей на ўчастках было небагата, хоць заваблівалі і буфэтам з гарэлкай, і канцэртам мастацкай самадзейнасьці. Самадзейным артыстам, кажа спадар Кузьмін, выступаць практычна не было перад кім.

Назіральнік ад Партыі левых «Справядлівы сьвет» Вадзім Кузьмін

Як атрымалася такая высокая яўка — пытаньне адкрытае. Выбаршчыкі знайшлі на ўчастку № 61 Першамайскага раёну дужа незвычайную рэч — паперку з подпісам старшыні камісіі і аднаго з чальцоў. Якраз такімі паперкамі заклейвалі на ноч скрыні падчас датэрміновага галасаваньня. Назаўтра шчыліну для бюлетэняў мусілі адчыняць зноў, разрываючы паперку-«плёмбу». Але гэтая паперка засталася цэлай. Магчыма, яна «запасная», мяркуе назіральнік Вадзім Кузьмін. На той выпадак, калі трэба замяніць парваную паперку на непашкоджаную. Спадар Кузьмін прапанаваў таксама ставіць і свой подпіс, каб прадухіліць любыя маніпуляцыі са скрынямі ўночы. Аднак яму ні разу не далі на гэта згоды. Дарэчы, участак № 61 — той самы, дзе пасьля першага дня галасаваньня «знайшліся» 100 лішніх бюлетэняў.

Знаходка выбаршчыкаў участку № 61

Калі верыць афіцыйным паведамленьням БЕЛТА, у дзень выбараў сцэнічныя пляцоўкі гарадоў і раёнаў вобласьці павінны пацяшаць публіку яркімі і разнаплянавымі канцэртна-забаўляльнымі праграмамі. Аднак у Віцебску ўсё ціха, і на цэнтральных сцэнічных пляцоўках пуста. Затое даволі людна ў крамах. Паводле чутак, напярэдадні выбараў на ўсіх прадпрыемствах выдалі заробкі — нават на тых, якія завінаваціліся перад работнікамі не за адзін месяц.

Пустая сцэна на плошчы Свабоды ў Віцебску

Падчас выбараў у рэгіёне выкарыстоўваецца 3816 скрыняў для галасаваньня, зь якіх палова (1987) — празрыстыя. Назіральніца Алена Шабуня цьвердзіць, што гэта дазволіла ёй зафіксаваць фальсыфікацыі. Сфатаграфаваўшы скрыню ўчора ўвечары і сёньня ўраньні, яна напісала заяву ў пракуратуру. Бо перакананая: на фатаздымках добра відаць, што бюлетэні раніцай ляжаць зусім ня так, як іх пакідалі вечарам.

Назіральніцы патлумачылі, што яе заяву будзе вывучаць Сьледчы камітэт.

На закрытым участку — у гарадзкім шпіталі № 2 — меўся б прагаласаваць вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда. Але ён — сталы прыхільнік байкоту, і гэты свой прынцып ён вытрымаў, адмовіўшыся ісьці на выбары. Са шпіталя яшчэ ня выгналі і нават абеду не пазбавілі, жартуе спадар Барыс:

«Я думаў, што да хворых будуць прыходзіць са скрыняй у палату. Але ж не — сказалі, каб падрыхтавалі пашпарты ды ішлі галасаваць самі. Я сказаў, што галасаваць ня буду. Яны спыталі маё прозьвішча, запісалі яго. У нашай палаце я такі адзін. А колькі нас ва ўсім шпіталі, я ня ведаю. Але з размоваў тут паміж хворымі я зразумеў, што Лукашэнка ня дужа ў пашане, канечне».

Многія віцябляне вызначаюць гэтую выбарчую кампанію як «дужа сумную». Людзі ня вераць, што іхны голас можа нейкім чынам паўплываць на вынік выбараў. Мала вераць кандыдатам, прычым усім чатыром. І калі гавораць пра заўтрашні дзень, то не пра тое, што можа зьмяніцца прэзыдэнт краіны. А хіба пра трывогу, што падвысяцца кошты ў крамах, адключаць цяпло ў кватэрах ці здарыцца яшчэ нешта такое, што не паверне іхнае жыцьцё да лепшага.