Гомель: галасаваньне «ў плянавым парадку»

Першая гадзіна галасававаньня на ўчастку № 12 Цэнтральнага раёну

На Гомельшчыне ў сьпісы для галасаваньня ўключана 1,1 мільёна выбарцаў. Паводле зьвестак Цэнтравыбаркаму, датэрмінова ў рэгіёне прагаласавалі амаль 38 адсоткаў. Гэта другі паказьнік у краіне — наперадзе толькі Віцебская вобласьць. Назіральнікі адзначалі, што найбольшую актыўнасьць выявілі пэнсіянэры, а таксама студэнты й навучэнцы каледжаў ды ліцэяў, якіх часам прыводзілі на ўчасткі для галасаваньня цэлымі групамі.

Барвы выбарчай восені — «галасаваньне ідзе ў плянавым парадку»

У грамадзка-культурным цэнтры Гомеля месьціцца ўчастак для галасаваньня № 12. Ён увесь у барвовым убраньні. У канцы залі — вялікае электроннае табло, якое інфармуе пра выбары прэзыдэнта 11 кастрычніка. Участак толькі адчыніўся, людзей ідзе галасаваць няшмат. Але намесьнік старшыні ўчастковай камісіі Аляксандар Талкуноў зьдзіўляе сваім паведамленьнем — выбары тут ужо адбыліся:

«Выбары ўжо адбыліся. Пяцьдзясят адсоткаў людзей у нас ужо прагаласавалі. Але ж людзі яшчэ ідуць — яўка будзе дастаткова высокая. Галасаваньне ідзе, я лічу, нармальна, у плянавым парадку. Людзі галасуюць з добрым настроем».

На ўчастку сямёра назіральнікаў, сярод якіх і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Гехт:

«З шостага кастрычніка, зь першага дня датэрміновага галасаваньня назіраю. На датэрміновым прагаласавалі ўжо звыш 50 адсоткаў выбарцаў. Апрача першага дня, вялікіх парушэньняў няма. У першы ж дзень выкладчыца політэхнічнага каледжу прывяла паўналетніх навучэнак зь дзьвюх групаў галасаваць, адрапартавала. Відаць, праз глупства. Я палічыў гэта недазволеным, напісаў скаргу. У іншыя дні такога не паўтаралася. Матывавала выкладчыца тым, што дзяўчаты не мясцовыя, зь вёсак прыехалі і маглі заблукаць. Былі задаволеныя й мае патрабаваньні наконт выдаленьня міліцыянта з выбарчага ўчастку і апячатваньня нанач памяшканьня, дзе захоўваецца скрыня для датэрміновага галасаваньня».

Назіральнікі — першы Аляксандар Гехт

Бяспройгрышныя лятарэі і танныя каўбасы

Улады па-рознаму заваблівалі гараджанаў на выбарчыя ўчасткі. Амаль паўсюль ладзілася бяспройгрышная лятарэя — дзе ад «Гомельхлебпраму», дзе ад іншых гандлёвых арганізацыяў. Актывісты БРСМ практыкавалі бясплатную раздачу яблык, лекары замяралі ціск, прафэсійныя і самадзейныя артысты ладзілі канцэрты. Арганізоўваліся і розныя спартовыя спаборніцтвы.

Участак № 22 Чыгуначнага раёну

На ўчастках № 22 і № 40 Чыгуначнага раёну ў буфэты навезьлі багата разнастайных прадуктаў харчаваньня. І кошты такія лагодныя, што гараджане толькі дзіву даваліся.

У кошты цяжка верыцца — участак № 22

Лагодныя выбарчыя кошты

Гамяльчанка ва ўзросьце, якая назвалася Валянцінай, гэтак рэагуе на гастранамічнае залагоджваньне выбарцаў:

«Цэны — гэта сёньня, а заўтра яны будуць большыя, гэтыя цэны».

Першымі галасуюць пэнсіянэры — участак № 22

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Ўладзімер Кліманскі апавядае:

«Усе задаволеныя тым, што ёсьць магчымасьць спакойна прыйсьці на ўчастак, спакойна прагаласаваць. У нас добрая музычная праграма, атмасфэра душэўная, цёплая. Зазірніце ў буфэт — там усяго навалам, а цэны такія, што стаяць чэргі. Пастараўся наш «Цукаргандаль».

Вучымся галасаваць правільна

Спадарыня Ніна ўжо прагаласавала. Кажа, што за дзейнага прэзыдэнта, бо ён усё ведае, усе дарогі пратаптаў. А іншыя, маўляў, хочуць «упасьці зь печы і мяккае месца ня выцяць». Аднак прэтэнзіяў у жанчыны да Лукашэнкі шмат, і найпершая зь іх — тая, што дзеці, якія завялі свае сем’і, ня могуць прыдбаць жыльлё:

«У кожнага з маіх дзяцей — па двое сваіх дзетак, праблему маюць з жыльлём. А як яе вырашыць — ніяк ня можам! Вялікія працэнты за крэдыты, а заробкі —малыя. Нявестка ў дэкрэце. Сын працуе на вагонарамонтным. Ну, каля пяці мільёнаў заробак — хіба ж гэта заробак?»

Камісіі № 40 — бюлетэні па пашпарце

Назіральнікі на ўчастку № 40 Чыгуначнага раёну. Да скрыні — каля двух дзясяткаў мэтраў

Галасуюць 32 — пішуць 332

На сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах улады надзвычай турбавала яўка гараджанаў на ўчасткі для галасаваньня. Яна забясьпечвалася і праз завабліваньні, і праз арганізацыю калектыўных паходаў навучэнцаў, і проста праз адвольныя дзеяньні камісіяў.

Кошты радуюць і ў буфэце ДК Гомсельмашу — тут галасуюць выбарцы участкаў 39 і 40

Апавядае назіральнік ад партыі левых «Справядлівы сьвет», былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Віктар Хоміч — ён стаў сьведкам таго, як «рабілі яўку» на выбарчым участку № 4, што ў школе-інтэрнаце ў мікрараёне «Валатава»:

«На ўчастку № 4 у школе-інтэрнаце за пяцьдзясят хвілінаў прагаласавалі трыста чалавек. Гэта брыдка. Я папрасіў камісію — давайце пералічым па сьпісе, але яны хуценька аднекваліся. Паводле нашых назіраньняў, за гэты час галасавалі толькі 32 чалавекі. А камісія запісала — 332. Гэта грубае парушэньне, і я напісаў скаргу».

Гамяльчанка Людміла, якая галасавала сёньня на ўчастку № 49 у Савецкім раёне, апавяла, чаму яна вымушана была ісьці на выбары:

«Вы ведаеце, вельмі шмат спраў дома. Думаю, раней прагаласую — і вольная цэлы дзень. Усё адно трэба, бо я працую на прадпрыемстве. Ня прыйдзеш — дашлюць паперку. З такім настроем іду, што гэта трэба. Сьпісы прысылаюць з выканкаму, хто хадзіў галасаваць, а хто не. Тым больш што я працую на дзяржаўным прадпрыемстве. Не пайшла б, калі б не было гэтых сьпісаў».

Памераць ціск — калі ласка

На ўчастаку № 12 Цэнтральнага раёну Гомеля датэрмінова прагаласавалі звыш 50 адсоткаў выбарцаў. Незалежныя назіральнікі адзначалі, што навучэнцаў політэхнічнага каледжу сюды прыводзілі групамі.