КДБ паведаміў, што затрымаў групу злачынцаў, якія праслухоўвалі чыноўнікаў, сьледчых і журналістаў

Кадры затрыманьня

За тры гады супрацьпраўныя дзеяньні праводзіліся адносна дзьвюх зь лішнім тысяч беларусаў.

КДБ паведаміў пра затрыманьне ў выніку спэцапэрацыі кіраўнікоў злачыннай групы, якая цягам трох год праслухоўвала памяшканьні, тэлефанаваньні, электронную пошту, Skype, Viber, WhatsApp і сацсеткі дзьвюх зь лішнім тысяч беларусаў. У ліку ахвяр называюцца намесьнік начальніка аднаго са сталічных РУУС, прадстаўнік кіраўніцтва гарадзенскага МНС, супрацоўнікі Сьледчага камітэту, журналісты дзяржаўных і незалежных СМІ, прадстаўнікі мытні, вайскоўцы, кіраўнікі і прадстаўнікі органаў улады і ўраду, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.

Выяўленыя паўтары тысячы замоўцаў, адносна некаторых зь іх заведзена больш за 20 крымінальных спраў паводле арт. 203 (парушэньне таямніцы перапіскі, тэлефонных ці іншых перамоваў, паштовых, тэлеграфных ці іншых паведамленьняў). Адносна ўдзельнікаў злачыннай групоўкі распачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт. 376 (незаконныя выраб, набыцьцё або збыт сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, учыненыя групай асобаў па папярэдняй змове). Па гэтым артыкуле ім пагражае да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Затрыманых узялі пад арышт, па ўсёй краіне праводзяцца апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы. У ходзе сьледчых дзеяньняў праведзена больш за 80 ператрусаў, па месцы працы і жыхарства фігурантаў выяўленае і канфіскаванае спэцыяльнае электроннае абсталяваньне, наяўная замежная валюта. Аплата паслуг ажыцьцяўлялася праз закансьпіраваную схему пераводаў грашовых сродкаў з выкарыстаньнем электронных гаманцоў.

Алег Воўчак

Праваабаронца Алег Воўчак, кіраўнік цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» і лідэр руху імя Юрыя Захаранкі «Абаронцы Айчыны», адзначае, што такое злачынства — вельмі грубае парушэньне правоў, бо права праслухоўваць кагосьці маюць толькі спэцслужбы і толькі з афіцыйнага дазволу. Але калі яшчэ год 20 таму абсталяваньне для праслухоўваньня было цяжка здабыць, цяпер яго нескладана набыць праз інтэрнэт.

«Любая камэрцыйная арганізацыя можа набыць абсталяваньне для праслухоўваньня, каб слухаць тых жа сьледчых. Сёньня мы бачым, якія ідуць арышты і буйных чыноўнікаў, і кіраўніцтва буйных прадпрыемстваў. Можа, ідзе які „перадзел рынку“. А сёньня волю мае той, хто валодае большай інфармацыяй, ведае, якія контразахады робяцца супраць яго. Інтарэс ёсьць, усе баяцца: як камэрсанты, так і чыноўнікі, адзін аднаго праслухоўваюць, своечасова закрываюць бізнэс ці зьяжджаюць.

Са сваёй сьледчай практыкі я ведаю, што перад тым, як распачаць крымінальную справу, калі ёсьць падазрэньне ў карупцыі, даваньні хабару ці іншых парушэньнях, то са згоды пракурора заводзіцца апэратыўная справа, у межах якой зьбіраюць інфармацыю, факты злачыннай дзейнасьці, а калі будуць сабраныя дастатковыя доказы, яны прадстаўляюцца пракурору, і пачынаецца крымінальная справа. Ня выключана, што ў межах такой справы і працавалі спэцслужбы.

Я нічому цяпер не зьдзіўляюся і не выключаю, што ў поле зроку маглі трапіць і свае супрацоўнікі. Як і КДБ, так і міліцыя, пракуратура, служба ўласнай бясьпекі маюць, як у фільмах кажуць, „кратоў“ у сваёй сыстэме. Магчыма, недзе перасекліся службовыя інтарэсы з крымінальнымі. Усё магчыма».

Воўчак заўважае: такая справа не раскрываецца імгненна, як у кіно. Распрацоўкі могуць весьціся гадамі, каб затрымаць вялікую злачынную групоўку, у якую могуць уваходзіць і чыноўнікі, і свае былыя супрацоўнікі.