Рыгор Грык зрабіў «кантрольную закупку» ў краме, зь якой яго звольнілі

Рыгор Грык у паласатай шапачцы ў краме

Баранавіцкі грамадзкі актывіст Рыгор Грык разам з праваабаронцам Аляксандрам Вайцешыкам выявілі пратэрмінаваныя прадукты ў краме, зь якой раней звольнілі Грыка.

Як распавялі актывісты, яны наклалі ў кошыкі пратэрмінаванай прадукцыі на суму каля 500 тысяч рублёў ды пайшлі да касы. Аднак гандляры адмаўляліся ім прадаваць некаторы тавар, спаслаўшыся, што ў яго тэрмін выйшаў. Грык і Вайцешык выклікалі міліцыю, ды напісалі заяву, што ў краме на паліцах пратэрмінаваны тавар:

«Апісалі тавар у Вайцешыка ды мяне. Гэта ўсё супрацоўнік АБЭПу праводзіў. Я напісаў таксама участковаму заяву за самаўпраўства, што дырэктарка крамы забрала ў мяне „пратэрміноўку“ ды занесла на склад. Потым яна іх назад прынесла, але сам факт самаўпраўства... Там дзесьці каля пяці найменьняў пратэрмінаванага печыва было, ды іншыя розныя прадукты», — расказаў Рыгор Грык.

Пратэрмінаваны сок на паліцы крамы

Пратэрмінаваныя бананы

Спадар Грык кажа, што супрацоўнікі крамы ўгаворвалі іх не заяўляць міліцыянтам на пратэрмінаваны тавар:

«Калі я знайшоў „пратэрміноўку“, то падыходзілі людзі, якія там працавалі, і прасілі, каб я гэтага не рабіў. Калі на мяне нагаварылі, што я брыдкасловіў, ды штрафу далі, то гэта было нармальна, а „пратэрміноўка“ — гэта не нармальна? І калі мы прыйшлі да касы, нам не хацелі прадаваць гэты тавар».

Рыгор Грык ля касы

Рыгор Грык кажа, што на Вайцешыка ў часе іх паходу ў краму паскардзіліся, што ён быццам брыдкасловіў:

«Прыехалі, відаць, нейкія сваякі-знаёмыя працаўнікоў крамы ды заявілі на Вайцешыка, што ён брыдкасловіў».

Адзін з прыехаўшых міліцыянтаў

Апячатаная скрыня з пратэрмінаванай прадукцыяй

Міліцэйскія аўтамабілі стаялі каля крамы некалькі гадзін

У канцы верасьня баранавіцкі актывіст Рыгор Грык зладзіў пэрформанс, прыйшоўшы на працу ў турэмнай робе. Такім чынам ён пратэставаў супраць таго, што яму не выдаюць працоўную вопратку. У той жа дзень Рыгора Грыка звольнілі з крамы «MART INN», а дырэктарка крамы напісала заяву ў міліцыю, што ён брыдкасловіў. За гэта, ды яшчэ і за пікет, Грыку прысудзілі 5 мільёнаў 400 тысяч штрафу.