Міхаіл Каўко, які падпаліў сябе ў цэнтры Менску, прызнаў адміністрацыйнае правапарушэньне

Міхаіл Каўко падчас адзіночнага пікету ў падтрымку людзей з парушэньнямі слыху. Менск, 25 сьнежня 2015 году

Яму пагражае штраф у памеры ад 20 да 40 базавых велічыняў. Сёньня будзе суд.

Актывіста Міхаіла Каўко абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства. Як распавёў Каўко Свабодзе, ён прызнаў парушэньне, цяпер яго павязуць на суд:

«Цяпер я знаходжуся ў Цэнтральным РУУС. Склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.34, частка другая, арганізацыя несанкцыянаваных акцыяў. Узялі тлумачэньні — я сказаў, што з адміністрацыйным правапарушэньнем згодны, прызнаў сваю віну. Цяпер нас з адвакатам павязуць у суд. Як кажа адвакат, прадугледжваецца штраф у памеры ад 20 да 40 базавых велічынь (млн рублёў. — РС). Суд скончыцца сёньня».

25 сьнежня на пляцоўцы ля Ратушы, дзе ў гэты час адбывалася сьвяточная калядная імпрэза, навучэнец мастацкай студыі «Fortinbras» пры Свабодным тэатры Міхаіл Каўко правёў адзіночны пікет — ён апрануў адмысловыя пальчаткі з гаручым рэчывам і падпаліў іх. На сабе Каўко трымаў таблічку «Мы будзем гарэць — ім будзе пляваць». Акцыя ладзілася ў падтрымку людзей з парушэньнямі слыху, якія ня могуць выклікаць службы экстраннай дапамогі.

За апошнія дні, 24-27 сьнежня, студэнты тэатральнай лябараторыі Fortinbras пры беларускім Свабодным тэатры разам зь інвалідамі-вазочнікамі правялі цэлы шэраг мастацкіх акцыяў, блякавалі рух транспарту на інвалідных вазках, ладзілі «гонкі» вазочнікаў, «асьляплялі» сябе маскамі і спрабавалі прайсьці па горадзе ўсьляпую, праектавалі на будынак фотаздымкі з праекту «Камін-аўт».