Адсутнасьць нацыянальнага футбольнага стадыёну хочуць сьпісаць на Чыжа

Арышт некалі набліжанага да ўладаў бізнэсоўца Юрыя Чыжа паралізаваў практычна ўсе інвэстыцыйныя праекты ягонай кампаніі, уключна з тымі, якія маюць высокі дзяржаўны статус. У прыватнасьці, група кампаніяў «Трайпл» прыпыніла ўдзел у будоўлі нацыянальнага футбольнага стадыёну ў раёне вуліцы Ванеева і Партызанскага праспэкту ў Менску.

Стадыён «Трактар»: маральна і фізычна састарэлы (з сайту менскага «Дынама»)

Старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу, кіраўнік Банку разьвіцьця Сяргей Румас прызнаў: пэрспэктывы стадыёну ў раёне Менскага трактарнага заводу зноў няпэўныя. Па яго словах, адзін з асноўных удзельнікаў акцыянэрнага таварыства, якое займаецца пытаньнямі будаўніцтва новай арэны, разам зь Менгарвыканкамам і Беларускай фэдэрацыяй футболу, — якраз «Трайпл». Аднак пасьля затрыманьня заснавальніка і нязьменнага кіраўніка шматпрофільнай фірмы работы на аб’екце спаралізаваныя.

Кіраўнік групы кампаніяў «Трайпл» Юры Чыж быў затрыманы 11 сакавіка па падазрэньні ў нясплаце падаткаў. Бізнэсоўцу прад’яўлена абвінавачаньне, ён зьмешчаны пад варту.

Па словах спадара Румаса, цяпер з кіраўніцтвам Менгарвыканкаму абмяркоўваюцца магчымыя шляхі выйсьця з сытуацыі, кардынальнага паляпшэньня ў якой пакуль не прадбачыцца. Пры гэтым ён запэўніў, што дзейны кантракт з праектнай кампаніяй з Кітаю застаецца ў сіле, а значыць, трэба апэратыўна замяніць аднаго зь беларускіх удзельнікаў.

Футбольны экспэрт, кіраўнік інтэрнэт-праекту by.tribuna.com «Трыбуна» Максім Беразінскі перакананы: ваколспартовым функцыянэрам такі расклад толькі на руку — зьявілася магчымасьць перакласьці бясконцыя адтэрміноўкі з пачаткам будаўніцтва на «нядбайнага бізнэсоўца»:

«З улікам фінансавай сытуацыі ў краіне можна зь вялікай пэўнасьцю канстатаваць: грошай на стадыён у бюджэце ня стала задоўга да таго, як у „Трайпла“ здарыліся вядомыя ўсім праблемы. Адпаведна, верагоднасьць таго, што нацыянальны стадыён пачнуць узводзіць бліжэйшым часам, надзвычай нізкая. Пры гэтым „Трайпл“, як кажуць, прыйшоўся вельмі ўдала — узьнікае магчымасьць і тэрміны чарговым разам адкласьці, і ўвогуле сказаць, што мы тут ні пры чым, а ва ўсім вінаватыя Чыж і кампанія».

У ліпені 2014 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім абгрунтоўваецца праектаваньне і ўзьвядзеньне да канца 2018 году нацыянальнай футбольнай арэны паблізу дзейнага стадыёну «Трактар». Выдаткі на будоўлю не павінны перавысіць 100 мільёнаў эўра, заплянаваная зьмяшчальнасьць — 35 тысяч гледачоў. Летась у лістападзе стала вядома: тэндэр на праект выйгралі кітайцы. Гэта выклікала незадаволенасьць астатніх удзельнікаў, якія западозрылі «закулісную змову». Дарэчы, конкурсны эскіз кітайскай кампаніі, назва якой дагэтуль не агучваецца, так і ня стаў здабыткам галоснасьці.

Праект ад вугорскай кампаніі «4D Architects»

У аб’ектыўнасьці тэндэру найперш засумняваліся прадстаўнікі вугорскай кампаніі «4D Architects». За аснову іхняй прапановы быў узяты «сьвежы» стадыён у Дэбрэцэне, які міжнародныя экспэрты прызналі чацьвёртым у сьвеце паводле функцыянальнасьці і вонкавага выгляду. Кошт прапановы — 80 мільёнаў эўра, пры гэтым роля генпадрадчыка перадавалася беларускай кампаніі, што станоўча адбівалася на выдатках. Тым ня меней перавагу аддалі засакрэчанаму кітайскаму варыянту.

Між тым, як кажа Максім Беразінскі, ня так і прынцыпова, хто фармальна фігуруе ў якасьці замежнага праектанта — на тэмпы будаўніцтва гэта наўрад ці паўплывае:

«З кітайцамі таксама ня ўсё ясна, хоць Румас і казаў, што дамова з кампаніяй застаецца ў сіле, будзем працаваць. Гэта сам па сабе ўзор доўгайграючага праекту, вера ў які паступова тухне. Варта нагадаць, што адразу ў нечым былі „вінаватыя“ вугорцы, потым свае ж беларусы, цяпер вось стаўка на кітайцаў. Але калі няма грошай, то няма і справы; тады ўзьнікае куча розных праблемаў і непаразуменьняў. Як на маю думку, усё ўжо больш-менш вызначана — стадыён бліжэйшым часам у Менску ня зьявіцца. Хоць чыноўнікі і ківаюць на ўказ прэзыдэнта, але ўсе мы ведаем: указы і раней неаднаразова карэктаваліся, наўрад ці што перашкаджае перападпісаць яго і гэтым разам».

Стадыён «Дынама» з боку вуліцы Ўльянаўскай

Футбольная грамадзкасьць Беларусі мае ўнікальную сытуацыю — амаль пяць гадоў у краіне няма нацыянальнага стадыёну, а галоўная зборная мусіць вандраваць па рэгіёнах.

Адпачатку новы стадыён меркавалася ўзьвесьці за кальцавой дарогай у Шчомысьліцы, але падлічылі, што занадта дорага — лепш прыстасаваць пад гэтыя мэты «Дынама» ў цэнтры гораду. Так і пастанавілі. Але ад таго часу колішняя дынамаўская арэна, дзе традыцыйна праводзіла хатнія сустрэчы каманда Беларусі, зруйнаваная і цяпер больш нагадвае рымскі Калізэй.

У 2012-м Аляксандар Лукашэнка нечакана зьмяніў першапачатковае рашэньне перарабіць легендарны стадыён у чыста футбольны, загадаўшы стварыць тут Нацыянальны алімпійскі цэнтар па лёгкай атлетыцы, а спэцыялізаваны стадыён будаваць у раёне «Трактара». Адпаведна, па чарзе «праляцелі» са сваімі праектнымі прапановамі спачатку вугорцы, потым немцы. Але за наступныя гады «рэканструкцыі» будаўнікі толькі і пасьпелі, што разбурыць унутраную частку. Толькі нядаўна па пэрымэтры вырасьлі пад’ёмныя краіны. Пры гэтым застаецца ўражаньне, што сутнасьць далейшых плянаў, якія ня раз перапісваліся, мала зразумелая нават самім рэалізатарам праекту перабудовы.