Прысуд Надзеі Саўчанцы ня быў абскарджаны і набыў моц

Надзея Саўчанка

Прысуд ўкраінскай лётніцы Надзеі Саўчанцы, вынесены 22 сакавіка, у аўторак, 5 красавіка, уступіў у сілу.

Прысуд ня быў абскарджаны, паведаміў «Інтэрфаксу» адзін з адвакатаў Саўчанкі Марк Фейгін.

«Згодна ўказаньню нашай падабароннай, мы не абскардзілі прысуд. Такім чынам, апоўначы ён уступіў у законную сілу і павінен быць прыведзены ў выкананьне», — сказаў адвакат.

Паводле Фейгіна, Саўчанка выступіла супраць падачы апэляцыі, бо лічыць немагчымым дамагчыся справядлівасіці ў расейскім судзе.

«Паводле яе словаў, суд гэта толькі выканаўца волі Крамля, і які сэнс спрабаваць штосьці зьмяніць, разумеючы, паводле досьведу зносін з расейскім правасудзьдзем, што нічога не дакажаш, і прыніжацца далей?», — заявіў Фейгін.

Фейгін таксама паведаміў у сваім твітэры, што Саўчанка пачне сухую галадоўку 6 красавіка.

Надзею Саўчанку асудзілі на 22 гады пазбаўленьня волі; суд прызнаў яе вінаватай у спрыяньні забойству расейскіх журналістаў на Данбасе ў чэрвені 2014. Таксама ёй прызначылі штраф у памеры 30 тысяч рублёў за незаконны пераход расейскай мяжы. Суд улічыў падчас абвяшчэньня прысуду адзін год і восем месяцаў, якія Саўчанка правяла пад арыштам (яе арыштавалі яшчэ ў 2014 годзе).

Паводле сьледзтва, Саўчанка ў чэрвені 2014 года перадала дадзеныя пра месцазнаходжаньне журналіста ВГТРК Ігара Карнелюка і гукарэжысэра Антона Валошына. Пасьля гэтага па іх зьдзейсьнілі абстрэл, падчас якога яны загінулі.