Эўразьвяз прапануе Ўкраіне бязьвізавы рэжым — Reuters

Ілюстрацыйнае фота. Украінская студэнтка трымае сьцяг Эўразьвязу падчас пэрформансу «Ўкраіна і Эўропа моцныя разам!» у цэнтры Кіева, 5 красавіка 2016 году

На такі крок Эўракамісія пойдзе, не зважаючы на вынікі рэфэрэндуму ў Нідэрляндах, кажа крыніца Reuters у дыпляматычных колах Эўропы.

Эўракамісія прапануе ў гэтым месяцы бязьвізавы турызм для ўкраінцаў, піша Reuters са спасылкай на «высокапастаўленую крыніцу» ў Эўразьвязе.

«Хоць гэта выглядае як ігнараваньне нідэрляндзкіх выбарцаў, але мы маем стрымаць абяцаньне Ўкраіне, якая выканала ўмовы», — кажа крыніца Reuters, згадваючы вынікі рэфэрэндуму па эўраасацыяцыі Ўкраіны ў Нідэрляндах і абяцаньне адносна спрашчэньня візавага рэжыму, дадзенае прэзыдэнтам Эўракамісіі Жанам Клодам Юнкерам прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку.

Прапанова па зьменах візавага рэжыму для Ўкраіны мае быць узгодненая большасьцю сяброў Эўразьвязу і Эўрапейскім парлямэнтам. Па зьвестках крыніцы Reuters, краінам Эўропы могуць прапанаваць магчымасьць уводзіць часовыя візы ў выпадку ўсплёску міграцыі.

Украіна — не адзіная краіна, якая чакае спрашчэньня візавага рэжыму з Эўропай. У ліку такіх Турэччына, якая можа дасягнуць пагадненьня з Эўразьвязам у чэрвені, калі выканае ўмовы, і часткова прызнаная рэспубліка Косава.