Расейскія лекары не знайшлі прычын для шпіталізацыі Надзеі Саўчанкі

Надзея Саўчанка

Лётчыца трымае сухую галадоўку ўжо 7 дзён — 6 красавіка яна аднавіла галадаваньне з патрабаваньнем вярнуць яе ва Ўкраіну.

Кансыліюм лекараў, у склад якога ўвайшлі і цывільныя мэдыкі, ацаніў стан здароўя Надзеі Саўчанкі як здавальняючы і не знайшоў падставаў для яе экстранай шпіталізацыі. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на прэс-службу расейскай Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП).

У панядзелак прэс-служба ФСВП паведаміла, што Надзея Саўчанка дала пісьмовую згоду на рэгулярныя мэдычныя агляды і тэрапію.

Пра тое, што асуджанай у Расеі ўкраінскай ваеннаслужачай, якая з 6 красавіка трымае сухую галадоўку, можа спатрэбіцца шпіталізацыя, напярэдадні паведаміла яе сястра Вера Саўчанка.

Пазьней адвакат Марк Фейгін паведаміў, што лекары маюць намер зьмясьціць Саўчанку ў шпіталь у пятніцу. Іншы адвакат украінкі, Мікалай Полазаў, наведаўшы яе ў СІЗА, распавёў, што Саўчанка вельмі «худая, з чорнымі кругамі пад вачыма». Аднак, нягледзячы на рызыку для жыцьця, яго падабаронная адмовілася легчы ў шпіталь і спыніць сухую галадоўку. Яна «вельмі чакае допуску да яе незалежнай камісіі лекараў. Украінскіх ці нямецкіх мэдыкаў».

22 сакавіка 2016 году Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці прызнаў Саўчанку вінаватай у садзейнічаньні забойству двух расейскіх журналістаў пад Луганскам летам 2014 году і прысудзіў ёй 22 гады калёніі агульнага рэжыму.

У аўторак, 5 красавіка, прысуд набыў моц, а на наступны дзень Саўчанка абвясьціла ў турме сухую галадоўку з патрабаваньнем вярнуць яе ва Ўкраіну.