Менскай школе № 130 імя Рут Уолер знойдуць партнэраў у Каліфорніі

Фота на плякаце - Рут Уолер з мужам Тэдам

Прысваеньне адной з лошыцкіх школ імя Рут Уолер, на думку амэрыканскіх дыпляматаў, будзе стымуляваць школьнікаў вывучаць ангельскую мову.

Амбасада ЗША зацікаўленая ў наладжваньні кантактаў паміж школай і навучальнымі ўстановамі Каліфорніі — радзімы Рут Уолер.

У менскай сярэдняй школе № 130 прайшла ганаровая цырымонія прысваеньня навучальнай установе імя Рут Уолер — амэрыканкі, якая ў 1946 годзе прыехала ў Менск у складзе місіі ААН і працавала ў Адміністрацыі дапамогі і аднаўленьня. Рут Уолер памерла ў Менску ад віруснай інфэкцыі, пасьля таго як кінулася ў ваду, каб выратаваць двух беларускіх хлопчыкаў, якія танулі. Ёй было 24 гады.

Усе фота з ганаровай цырымоніі ў вялікім памеры тут

У гонар амэрыканкі побач з уваходам у 130-ю школу павесілі мэмарыяльную дошку — на беларускай і ангельскай мовах.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей распавёў, як пасьля вайны ЗША выдзелілі 60 мільёнаў даляраў на дапамогу беларускаму народу:

Уладзімер Макей

«Мы тут, каб увекавечыць імя маладой амэрыканкі, якая прыехала ў Беларусь пасьля заканчэньня Другой усясьветнай вайны. Яна працавала для ўзнаўленьня Беларусі пасьля вайны. У межах праграмы ААН Беларусі было выдзелена больш за 60 мільёнаў даляраў — гэта былі харчы, абсталяваньне, вопратка, якія распаўсюджваліся сярод тых, хто меў патрэбу. У той час Беларусь вельмі мела патрэбу ў такой дапамозе. Таму мы ўдзячныя ААН і Злучаным Штатам Амэрыкі за гэтую дапамогу. Мэмарыяльныя дошка, якую мы сёньня адкрываем, будзе напамінам нам пра тое, што народы і краіны аб’ядноўвае імкненьне да міру, бясьпекі і разьвіцьця».

Намесьніца генэральнага сакратара ААН, адміністратар праграмы разьвіцьця ААН Гэлен Кларк, якая знаходзіцца ў Менску зь візытам, сказала:

Гэлен Кларк

«Тая праца, якую рабіла Рут Уолер у складзе місіі ААН у 1946 годзе, працягваецца і сёньня. ААН і сёньня дапамагае краінам, якія маюць у гэтым патрэбу. Менавіта ЗША пасьля вайны перадалі Беларусі дзясяткі тон ежы, а таксама забясьпечылі вакцынацыю ад тыфусу для больш як мільёна чалавек. Я тут знаходжуся ў межах адзначэньня 30-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС і хачу падкрэсьліць, што пасьля гэтага жахлівага здарэньня ЗША сталі важным партнэрам і надавалі Беларусі дапамогу».

Часовы павераны ў справах ЗША ў Менску Скот Роланд сказаў, што вучні школы № 130 атрымаюць дадатковы стымул для вывучэньня ангельскай мовы і для знаёмства з Амэрыкай:

Скот Роланд

«Было б вельмі добра знайсьці гэтай школе партнэра ў родным штаце Рут — у Каліфорніі. Амбасада ЗША гатовая дапамагчы ў гэтым. Я думаю, што Рут Уолер была б рада даведацца, што яна працягвае дапамагаць беларусам і амэрыканцам лепш пазнаваць адзін аднаго і пабудаваць моцныя і добрыя адносіны паміж нашымі краінамі. Амбасада ЗША разьлічвае на шматгадовае супрацоўніцтва з школай № 130».

Ад імя амбасады ЗША Скот Роланд падараваў школе партрэт Рут Уолер і дакумэнтальны фільм пра яе, зроблены амбасадай. Такім чынам у сьценах школы запачаткаваны музэй Рут Уолер.

Зьлева направа - Уладзімер Макей (у цэнтры), Скот Роланд, Гэлен Кларк

Пасьля ўрачыстага адкрыцьця мэмарыяльнай шыльды гасьцей запрасілі ў школьнае фае, дзе адбылася невялікая культурніцкая праграма — танцавальныя выступы навучэнцаў школы:

«ААН на працягу апошніх год выступала каардынатарам аказаньня тэхнічнай дапамогі Беларусі для пераадоленьня наступстваў катастрофы ў Чарнобылі. Гэтая супраца не была б магчымая без спрыяньня з боку кіраўніцтва Беларусі. Я думаю, што сёньняшняе мерапрыемства нясе ў сабе яснае пасланьне: ААН дапамагала Беларусі ад моманту свайго заснаваньня да сёньня. І гэта ня дзіўна, таму што Беларусь — адна з краін-заснавальніц ААН», — сказала Гэлен Кларк.

Уладзімер Макей, адказваючы пра магчымасьць поўнай нармалізацыі адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША, заявіў:

«Я назваў сёньняшнюю падзею актам гістарычнай справядлівасьці. Чаму? Таму што факт аказаньня Беларусі дапамогі ў першыя пасьляваенныя гады ня вельмі абмяркоўваецца, мы прывыклі замоўчваць гэта. Але гісторыя павінна быць аб’ектыўнай. Сёньня мы, адкрываючы помнік Рут Уолер, аднаўляем гістарычную справядлівасьць. Дамовіліся мы пра гэта год таму, і вось справа рэалізаваная. Мы зрабілі крок і паказалі дзецям, што ёсьць рэчы, якія аб’ядноўваюць Беларусь і ЗША. Я перакананы, што такія крокі спрыяюць збліжэньню нашых народаў. І гэта вельмі важна. Таму што мы павінны глядзець адзін на аднаго не праз прыцэлы ўзбраеньня, а старацца весьці канструктыўны дыялёг. Так, часам гэта можа быць няпроста, але трэба шукаць кампрамісы. Мы знаходзімся на этапе стварэньня пазытыўнай атмасфэры ў нашых адносінах. І з абодвух бакоў ёсьць гатоўнасьць да поўнай нармалізацыі нашых адносінаў».

Скот Роланд дадаў, што канчатковым крокам нармалізацыі адносінаў будзе прыезд амбасадара ў Беларусь. Паводле ягоных слоў, абмеркаваньне гэтага пытаньня можа адбыцца ўжо сёлета.