«А ў штабной зямлянцы паставяць бюст Леніна вагой кіляграмаў пад дзьвесьце...»

Валянцін Жданко

На пачатку траўня ў Беларусі традыцыйна шмат і часта згадваюць пра Другую сусьветную вайну. У афіцыйнай ідэалёгіі кожная гадавіна перамогі над фашызмам — гэта падстава для маштабнай прапагандысцкай кампаніі. На гэту тэму зьвяртаюць увагу ў сваіх лістах і слухачы Свабоды.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу Кастуся Сырэля з Вушачаў. На Вушаччыне знаходзіцца вядомы мэмарыяльны комплекс «Прарыў» — у памяць пра колішняе партызанскае мінулае краю. Вось як спадар Кастусь піша пра тое, што там цяпер адбываецца (цытую ліст):

«На комплексе „Прарыў“ паскоранымі тэмпамі ідзе рэстаўрацыя і рамонт. Гэтаму збудаваньню нямала год, і шмат якія бэтонныя і мэталічныя канструкцыі пачалі разбурацца. Цяпер там працуе безьліч тэхнікі і людзей, адкрыцьцё адноўленага комплексу плянуецца на 8 траўня. Ладзяцца бясконцыя суботнікі. Плянуецца, што зьявяцца новыя пабудовы, якіх раней не было, — вялікая сажалка (цікава, навошта яна?), партызанскія зямлянкі, тэхніка ваеннага часу. Кажуць, нават танк Т-34 будзе ўсталяваны (не разумею, якія адносіны мае гэты танк да партызанскага руху). А пакуль што ў нашым мястэчку ад Музэя народнай славы зьнікла гармата-саракапятка, якая шмат год там стаяла (і якая там ужо прыжылася). Кажуць, і яе паставяць на комплексе. Шкада.

Кажуць таксама, што партызанскія зямлянкі будуць абсталяваныя, як... не магу падабраць слова... ну, як для партызанскіх ВІП-пэрсон.

Кажуць таксама, што партызанскія зямлянкі будуць абсталяваныя, як... не магу падабраць слова... ну, як для партызанскіх ВІП-пэрсон. На кожнай будзе шыльда па вышэйшым разрадзе — накладныя літары на шліфаваных дошках: „Шпіталь“, „Штабная зямлянка“ (чаму ня проста „штаб“?), „Школа“ (няўжо ў партызанскіх атрадах шырока практыкавалася адкрыцьцё школ?). У лясгасе для зямлянак замовілі шыкоўныя нары, сталы, крэслы і палічкі, упрыгожаныя адмысловай разьбой. Во, ледзь не забыўся: у штабной зямлянцы будзе стаяць бюст У.І. Леніна прыблізна ў дзьве натуральныя велічыні і вагой, пэўна, кіляграмаў дзьвесьце (сам сёньня бачыў, як яго везьлі на рэстаўрацыю ў Школу мастацтваў і як яго там выгружалі шэсьць здаровых мужыкоў. Няўжо ў партызанскіх атрадах былі такія бюсты? Як і на чым яны вазілі іх за сабой?). У школе мастацтваў тэрмінова вырабляецца таксама партыя драўляных аўтаматаў ППШ (пэўна, для абсталяваньня зямлянак. Няўжо ППШ складалі асноўную стралковую зброю ў партызан?).

Я спытаўся: а ці будзе ў камандзірскай зямлянцы раяль „Becker“, але ў адказ пачуў нэрвовы сьмех. Ня буду ўзгадваць усё пачутае мной: а раптам што і няпраўда? Але баюся, што рэчаіснасьць пераўзыдзе мае самыя сьмелыя здагадкі...».

Безумоўна, памяць пра катастрафічную для Беларусі Другую сусьветную вайну павінна быць ушанавана. Іншае пытаньне — якім чынам і ў якіх маштабах. У часы БССР, калі рэспублікай кіравалі былыя партызаны і вайскоўцы, ваенныя мэмарыялы, манумэнты, помнікі, абэліскі паўсталі ледзь ня ў кожным мястэчку — ня кажучы ўжо пра вялікія і малыя гарады. У гэты самы час занепадалі архітэктурныя ды іншыя помнікі мінулых эпох, але на гэта не зьвярталі ўвагі. Беларусь была названая рэспублікай-партызанкай, і ўсе сілы і сродкі накіроўваліся на мэмарыялізацыю толькі адной падзеі — апошняй вайны.

А ці патрэбны тыя пампэзныя комплексы ў такой колькасьці? Ці здольны адужаць іх утрыманьне сьціплы беларускі бюджэт?

Натуральна, праз тры-чатыры дзесяцігодзьдзі паўстала праблема рэстаўрацыі і капітальнага рамонту ўсёй гэтай вялізнай гаспадаркі. А ці патрэбны тыя пампэзныя комплексы ў такой колькасьці? Ці здольны адужаць іх утрыманьне сьціплы беларускі бюджэт? Ці не разумней было б правесьці інвэнтарызацыю і пакінуць на дзяржаўным фінансаваньні толькі тыя аб’екты, якія сапраўды ўяўляюць гістарычную і мастацкую каштоўнасьць? Мяркую, пытаньні гэтыя рана ці позна давядзецца вырашаць.

Аўтар наступнага ліста Васіль Тур зь Берасьця адгукнуўся на адну з красавіцкіх перадач Свабоды, прысьвечаных супярэчлівай асобе камуністычнага правадыра Леніна. Слухач піша:

«Нарэшце пачынаецца сэзон на лецішчы. У горадзе сыгнал Свабоды ловіцца кепска, а вось на вёсцы — іншая справа. Мая родная вёска — у Камянецкім раёне. Я ўжо пэнсіянэр. Хата, у якой я некалі нарадзіўся, стала для мяне лецішчам. Там і праводжу цёплую пару году. Там жа пачынаецца для мяне лета са Свабодай. Цяпер буду ў курсе ўсіх падзеяў Беларусі і замежжа.

Ленін лічыў селяніна-ўласьніка дробнабуржуазным элемэнтам. У ягоную тэорыю пабудовы камунізму такі селянін ня ўпісваўся. Бо любы ўласьнік, чаго добрага, можа стаць багатым. А гэтага ж не павінна быць.

Нядаўна зь цікавасьцю слухаў па Свабодзе перадачу, прысьвечаную чарговай гадавіне з дня нараджэньня Леніна. Калісьці дзень 22 красавіка лічыўся ледзь не сьвяточным, бо ўсе ведалі, што ў гэты дзень у 1870 годзе нарадзіўся Ільіч. Цяпер усё інакш, але асоба Леніна дагэтуль выклікае цікавасьць і спрэчкі. Ён лічыў селяніна-ўласьніка дробнабуржуазным элемэнтам. У ягоную тэорыю пабудовы камунізму такі селянін ня ўпісваўся. Бо любы ўласьнік, чаго добрага, можа стаць багатым. А гэтага ж не павінна быць».

Так, спадар Тур, Уладзімір Ульянаў (Ленін), як вучылі нас у савецкай школе, быў вялікім знаўцам ва ўсіх галінах чалавечага быцьця, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы. Сам ён пры гэтым на зямлі ніколі не працаваў, сялянскага жыцьця і блізка ня ведаў і на хлеб уласным потам не зарабляў. Але менавіта па прыдуманых ім ідэалягічных схемах была перакулена з ног на галаву вялізная краіна. Вёсцы пры гэтым дасталося асабліва. Уласьніка ў ёй і праўда вынішчылі. Цяпер назіраем, як тысячы паселішчаў абязьлюдзелі і заняпалі, а мільёны гектараў колішняга ворыва і лугоў зарастаюць кустоўем.

_______________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by