Інфармнапалм: Танкі ў расейскіх Клінцах разьмяшчаюцца з разьлікам на Беларусь

Аўтар дасьледаваньняў на сайце informnapalm.org Дзяніс Івашын перакананы: нягледзячы на стрыманыя камэнтары вайсковых экспэртаў, асобная мотастралковая брыгада, якая разьмяшчаецца ўздоўж расейска-беларускай мяжы і базуецца ў населеным пункце Клінцы, мае на мэце менавіта Беларусь, а не Ўкраіну.

Пра гэта Дзяніс Івашын расказаў у інтэрвію Свабодзе.

— Паведамленьне, распаўсюджанае сайтам informnapalm.org, пра разьмяшчэньне расейскіх танкаў на мяжы зь Беларусьсю, выклікала шмат водгукаў у СМІ. З чым гэта зьвязана?

Дзяніс Івашын

— Гэтая інфармацыя была цалкам нечаканая. Ніхто ня мог спрагназаваць, што расейскія ўзброеныя сілы могуць перакінуць свае падразьдзяленьні непасрэдна да беларускай мяжы. І гаворка вядзецца не пра звычайныя падразьдзяленьні, а пра 28-ю асобную мотастралковую брыгаду зь Екацярынбургу, якая мае значны баявы досьвед, здабыты падчас вайсковай агрэсіі Расеі на Данбасе. Гэтую інфармацыю падхапілі расейскія мэдыі — «Эхо Москвы», РБК, «Независимая газета». Журналісты гэтых выданьняў задалі пытаньне прэс-сакратару Пуціна Дзьмітрыю Пяскову, які быў вымушаны хлусіць і казаць, што нічога пра гэта ня ведае і лічыць пастаноўку пытаньня пра ўзмацненьне Расеяй баявых сілаў на мяжы зь Беларусьсю абсурднай.

— Пра што гавораць гэтыя дзеяньні Расеі?

— Зразумела, што ў Расеі, у кантэксьце расейскай агрэсіі супраць Украіны, можа паўстаць і «пытаньне Беларусі». Што прымушае так думаць? Найперш тое, што пра Клінцы праходзіць шаша Гомель-Бранск і чыгунка Гомель-Унеча. Некаторыя журналісты кажуць, што вайсковыя сілы разьмяшчаюцца ў Клінцах з разьлікам на Ўкраіну. Але я лічу, што гэта ня так — з Клінцоў да ўкраінскай мяжы няма ніякіх значных магістраляў. Таму казаць пра тое, што гэты кірунак абраны для Ўкраіны, не выпадае. Таму тут менавіта беларускі напрамак.

— Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін ня бачыць для Беларусі пагрозы ў разьмяшчэньні танкаў у Клінцах. Маўляў, калі б гаворка вялася пра агрэсіўныя намеры Расеі, то спатрэбіліся б значна большая колькасьць вайскоўцаў — ажно некалькі арміяў. Што вы можаце на гэта адказаць?

— Мне здаецца, што ні Алесін, ні іншыя экспэрты ня ўзгадваюць гібрыдны характар расейскай агрэсіі, якая была разьвязаная ў дачыненьні да Ўкраіны. Справа ў тым, што для гібрыднай вайны не абавязкова мець некалькі арміяў — дастаткова дэстабілізаваць сытуацыю ў суседніх раёнах, запусьціць туды пад выглядам самаабароны сваіх людзей, якія будуць блякаваць вайсковыя аб’екты і ставіць блёк-пасты. Для гэтага дастаткова некалькі падразьдзяленьняў ГРУшнікаў, якія могуць базавацца ў Клінцах. Мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю няма, таму гэтыя спэцслужбісты могуць спакойна трапляць на тэрыторыю Беларусі і дэстабілізаваць тут абстаноўку. А з улікам сацыяльнай сытуацыі, якая склалася ў нас апошнім часам, шмат высілкаў для гэтага і ня трэба.

— Якія цяпер самыя актуальныя тэмы, зь якімі працуе Інфармнапалм?

— Гэта прысутнасьць прарасейскай пятай калёны на тэрыторыі Беларусі і паўставаньне новых вайсковых аб’ектаў уздоўж беларускай мяжы. Гэта самыя актуальныя пытаньні на сёньня.

— У Беларусь едзе Пуцін. Як лічыце, ці захоча ён абмеркаваць з Лукашэнкам разьмяшчэньне вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі?

— Думаю, што Пуцін і Лукашэнка якраз і будуць гаварыць пра разьмяшчэньне вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі. Глядзіце, падчас апошняга візыту сюды Лаўрова паўставала пытаньне пра стварэньне вайскова-авіяцыйнай базы ў Бабруйску. Таму відавочна, што Пуцін будзе ціснуць на Лукашэнку, каб стварэньне вайсковага пляцдарму на тэрыторыі Беларусі выйшла на новы ўзровень.