ЗША ўвялі санкцыі супраць Белзьнешпрамсэрвісу. МЗС: Лёгіка незразумелая

Лёгіка ўвядзеньня санкцый ЗША супраць «Белзьнешпрамсэрвісу» незразумелая. Пра гэта гаворыцца на сайце МЗС Беларусі.

Паводле намесьніка начальніка ўпраўленьня інфармацыі — начальніка аддзелу прэс-службы МЗС Марыі Ваньшынай, «санкцыі ЗША супраць» Белзьнешпрамсэрвісу маюць выключна нацыянальны характар».

«Беларусь не парушала ніякіх міжнародных абавязацельстваў у галіне нераспаўсюджваньня і экспартнага кантролю», — адзначаецца ў камэнтары ў адносна абмежавальных мер супраць Белзьнешпрамсэрвісу.

«Лёгіка ўвядзеньня гэтых санкцый нам пакуль што невядомая, прычым амэрыканскі бок яе не тлумачыць», — адзначае беларускае МЗС.

Паводле Ваньшынай, беларускія прадпрыемствы працягнуць дзейнасьць у строгай адпаведнасьці з абавязацельствамі Беларусі паводле міжнароднага права.

1 ліпеня Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў пра ўвядзеньне санкцый у дачыненьні да некалькіх дзясяткаў кампаній, у тым ліку расейскіх і аднаго беларускага прадпрыемства — Белзьнешпрамсэрвіс, на падставе закону аб нераспаўсюджваньні.

Белзьнешпрамсэрвіс, як пазначана на сайце прадпрыемства, займаецца прасоўваньнем беларускай прадукцыі абароннага сэктару эканомікі на міжнародныя рынкі.