У Турэччыне зачыняць тысячы ўстаноў з-за надзвычайнага становішча

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган.

Гэта першае распараджэньне турэцкага прэзыдэнта Эрдагана пасьля ўвядзеньня надзвычайнага становішча.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган запатрабаваў зачыніць больш за тысячу прыватных школ у рамках рэжыму надзвычайнага становішча, уведзенага 21 ліпеня.

Акрамя школ, дзейнасьць спыняць звыш тысячы фондаў, тры дзесяткі устаноў аховы здароўя і 15 вышэйшых навучальных устаноў. Усе зачыненыя ўстановы ўлады падазраюць у сувязях з апазыцыйным прапаведнікам Фэтхулахам Гюленам, абвінавачаным ў арганізацыі спробы вайсковага перавароту 16 ліпеня. Турэччына патрабуе экстрадыцыі Гюлена з ЗША, дзе той жыве.

Згодна з указам прэзыдэнта, дзяржаўныя службоўцы, якіх падазраюць у сувязях з прыхільнікамі перавароту, будуць назаўжды пазбаўленыя магчымасьці працаваць у дзяржаўных арганізацыях.

Гэта першы ўказ прэзыдэнта Эрдагана пасьля ўступленьня ў сілу надзвычайнага становішча. Па падазрэньні ў датычнасьці да спробы перавароту былі затрыманыя больш за дзесяць тысяч чалавек. Паведамляецца аб масавых звальненьнях дзяржаўных службоўцаў.