«Чачэнскі экспрэс»: міграцыйны крызіс прыйшоў і ў Беларусь

Як ён будзе вырашаны, ці можа ён рассмактацца сам сабой, якія беларускія асаблівасьці праяўляюцца падчас яго?

Удзельнічаюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Ўладзімер Глод.

Дракахруст: За апошнія два месяцы ў Берасьце прыехалі да трох тысяч чачэнцаў, дагестанцаў і інгушоў. Яны кідаюць дамы на радзіме, каб хоць з 40-й спробы атрымаць прытулак у Польшчы. У Тэрэспаль штодня едзе 400–800 чалавек.

Амаль усе яны вернуцца ў Берасьце праз тры з паловай гадзіны — першым цягніком назад. Штодня палякі прымаюць дакумэнты і даюць прытулак 3–4 семʼям. Уцекачы-чачэнцы адмаўляюцца даваць інтэрвію, просяць не публікаваць здымкі іх твараў, бо гэта можа пашкодзіць іх радні ў Чачні. Хоць у горад прыехалі амаль тры тысячы ўцекачоў, канфліктаў зь мясцовымі і з міліцыяй у няма. Ці пакуль няма. Уцекачы ўдзячныя беларускім уладам за тое, што ім дадзены часовы прытулак, за дапамогу, якую аказваюць ім беларусы.

«Іншага выйсьця ў нас няма» — гавораць уцекачы. Зусім нямногія зь іх хацелі б застацца ў Беларусі, паводле іх у краіне занадта нізкія заробкі. Беларусы зь вялікай насьцярогай глядзелі і глядзяць на міграцыйны крызіс у Эўропе. Паводле апытаньняў пераважная большасьць лічыць, што ўладам эўрапейскіх краінаў ня варта пускаць да сябе ўцекачоў з Блізкага Ўсходу і з Афрыкі.

«Іншага выйсьця ў нас няма» — гавораць уцекачы. Зусім нямногія зь іх хацелі б застацца ў Беларусі, паводле іх у краіне занадта нізкія заробкі

Сёй-той прадстаўнік уладаў нават абгрунтоўвае геапалітычны выбар Беларусі мігранцкім крызісам, маўляў, пойдзе краіна ў Эўропу — і да нас уцекачы пабягуць. Але, як бачым, пабеглі і без руху ў Эўропу. Зразумела, фактар, які спрыяе гэтаму патоку — адсутнасьць памежнага кантролю з Расеяй. Уцекачы, што атабарыліся ў Берасьці — грамадзяне саюзнай Расеі і ехаць у Берасьце маюць поўнае права.

Варта адзначыць, што беларускія ўлады, насуперак звычцы прымаць рашучыя і часам дурнаватыя рашэньні, ў крызісе з уцекачамі паводзяць сябе стрымана і разважліва. У прынцыпе заканадаўства пра дэпартацыю ніхто не адмяняў, як мы ведаем, яно ўжывалася і адносна сталых жыхароў Беларусі, грамадзянаў Расеі, такіх як Андрэй Суздальцаў і Алена Танкачова. Аднак дэпартаваць у Расею ўцекачоў з Каўказу пакуль не зьбіраюцца.

Напэўна ўлады разьлічваюць, што, як той казаў, само рассмокчацца. Уцекачы катэгарычна настроеныя патрапіць менавіта ў Эўропу, а не затрымацца ў Беларусі. Некаторыя, згубіўшы надзею, вяртаюцца ў Расею, а не затрымліваюцца ў Беларусі. Хоць у беларусаў, як ва ўладаў, так і ў насельніцтва, можа і няма моцнай эўрапейскай талерантнай устаноўкі ў стаўленьні да мігрантаў, але ёсьць звычайная чалавечая — людзі ж, не ад добрага жыцьця бягуць.

Палякі напалоханыя хваляй мігрантаў з Поўдня, Варшава рашуча пярэчыць квотам, якія ёй накідае Брусэль. Да ўцекачоў з Каўказу, якія бягуць праз Беларусь, яны ставяцца, відаць, паводле прынцыпу «першай бясьпечнай краіны». Калі ў іх там у Чачні ці Дагестане і сапраўды пекла, але ж пэўна не Сырыя, то ў Беларусі пекла няма. Бедная краіна, ну дык беларусы ж жывуць неяк. Чаму Польшча павінна пускаць да сябе чачэнцаў з Беларусі?

У Берасьці ўзьнікла адносна вялікая іншакультурная грамада. Пакуль канфліктаў няма, але яны могуць узьнікнуць, нешта кшталту Новага году ў Кёльне сёлета

Але сытуацыя патэнцыйна выбуханебясьпечная. У Берасьці ўзьнікла адносна вялікая іншакультурная грамада. Пакуль канфліктаў няма, але яны могуць узьнікнуць, нешта кшталту Новага году ў Кёльне сёлета. Гэта не непазьбежна, але вельмі імаверна. Чыстая статыстыка. Калі, барані Бог, нешта такое здарыцца, то стаўленьне рэзка памяняецца. З адпаведнымі рашэньнямі адносна ўцекачоў. Наўрад ці ў гэтай сытуацыю дапамогу ва ўладкаваньні ўцекачоў дадуць Расея ці Эўразьвяз. Расея, напэўна, прыме ўцекачоў, калі іх будуць дэпартаваць. Эўразьвяз ня будзе, ды і ня здолее прымусіць Польшчу іх прыняць. Беларусі давядзецца вырашаць гэты крызіс самой.

Карбалевіч: Можна казаць, што нарэшце і ў Беларусі зьявілася праблема, пра якую беларусы ведалі толькі з тэлевізійных рэпартажаў з Эўропы. Гэта праблема ўцекачоў. Але гэтая праблема ня новая. Яшчэ ў 2002 годзе Лукашэнка апавядаў кранальную гісторыю пра чэчэнскую сям’ю, якую не пусьцілі на сваю тэрыторыю негуманныя палякі, і чачэнская жанчына была вымушаная радзіць дзіця у Берасьці. Маці, на знак ўдзячнасьці за гасьціннасьць, прасіла кіраўніка Беларусі назваць яе дачку. Лукашэнка на просьбу адгукнуўся.

нарэшце і ў Беларусі зьявілася праблема, пра якую беларусы ведалі толькі з тэлевізійных рэпартажаў з Эўропы

Гэта беларускі лідэр расказваў расейскім журналістам, каб паказаць негуманнасьць палякаў і гуманнасьць беларусаў. Але як бы за кадрам апынулася адно пытаньне: а чаго гэта чэчэнцы бягуць з Расеі на Захад? Чачэнскія ўцекачы ў Беларусі — гэта прыкмета таго, што Ў Чачні сытуацыя вельмі напружаная. Думаю, гэтую сытуацыю беларускія ўлады будуць выкарыстоўваць ў перамовах з ЭЗ. Лукашэнка даўно выкарыстоўваў такую карту, маўляў, мы тут на мяжы абараняем Эўропу ад злачынцаў, наркатрафіку, незаконных мігрантаў, а яны папракаюць нас за нейкія парушэньні правоў чалавека. Вось адчынім мяжу, пусьцім усё гэта туды, як вы засьпяваеце. Вось і цяпер гэта можна выкарыстоўваць. Маўляў, мы тут зачыняем мяжу ад мусульманскіх уцекачоў, а вы прызнаеце нашыя выбары.

Яшчэ адзін нюанс. Цяпер ідуць перамовы паміж Беларусьсю і ЭЗ аб спрашчэньні візавага рэжыму. Адным з праблемных пытаньняў падчас гэтых перамоваў зьяўляецца дамова аб рэадмісіі, то бок дамова аб тым, што Беларусь павінна прымаць на сваёй тэрыторыі тых замежных грамадзянаў, якіх не пусьцілі у Эўропу праз мяжу Беларусі з краінамі ЭЗ.

Беларускія ўлады асьцерагаюцца, што такіх людзей можа быць шмат, і ўвесь цяжар іх утрыманьня ляжа на беларускую дзяржаву, запатрабуе дадатковага фінансаваньня. Думаю, гэта сытуацыя з чэчэнцамі яшчэ больш абвострыць гэтую праблему і зацягне падпісаньне дамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму з ЭЗ.

Глод: У пэўнай ступені сытуацыя з уцекачамі з Каўказу зараз выгадная для Лукашэнкі, найперш унутры краіны. Яму трэба паказаць, што і ў Расеі ня ўсё так добра. Калі 3-4 гады таму натоўпы беларусаў хлынулі ў Расею на заробкі, а там заробкі былі высокія, атрымлівалі яны добра, то ім здавалася, што ў Расеі салодкае жыцьцё. Але вось гэтыя ўцекачы з Каўказу, а гэта ня толькі чачэнцы, але і інгушы, і дагестанцы, паказваюць адваротнае. І на тле «рускага сьвету» такая акалічнасьць выгодная.

У пэўнай ступені сытуацыя з уцекачамі з Каўказу зараз выгадная для Лукашэнкі, найперш унутры краіны

Я згодны з Юрам Дракахрустам, што, мабыць, спадзяюцца ўлады, што гэта неяк само рассмокчацца. Бо сапраўды, што ў гэтай сытуацыі рабіць — ужываць нейкія сілавыя захады? Гэта будзе дрэнна як у адносінах з Масквой, так і з Брусэлем. І ў гэтым жа кантэксьце такое спадзяваньне нейкім чынам адпавядае і мэнталітэту беларусаў. Вось я паглядзеў на гэтую тэму рэпартаж Антона Трафімовіча, які сёньня зьявіўся ў нас на сайце. Мяне ўразіла тое, што самі чачэнцы, інгушы і дагестанцы кажуць, што беларусы нам дапамагаюць больш, чым свае. Такія ўжо беларусы людзі, што калі бачаць, што іншым дрэнна, то гатовыя дапамагчы.