Лукашэнку папрасілі прафінансаваць «Белсат»

Пікет падтрымкі «Белсату» перад адміністрацыяй прэзыдэнта

Асноўнае пра падзеі 20 сьнежня з сайту Свабоды.

Добры вечар! Сёньня пяцёра актывістаў зладзілі пікет перад прэзыдэнцкай адміністрацыяй у Менску, патрабуючы «выключыць НТВ, уключыць Белсат». Паводле Паўла Севярынца, удзельнікі акцыі напісалі ў адміністрацыю заяву пра тое, каб Белсат «працаваў і фінансаваўся зь дзяржаўнага бюджэту». Цікава будзе пачытаць адказ на заяву, калі зьявіцца.

КДБ ВЫКРЫЎ «КАРУПЦЫЙНЫЯ СХЕМЫ». Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі паведаміў, што выкрыў і спыніў маштабныя карупцыйныя схемы, арганізаваныя работнікамі прадпрыемства «БелАВМ» на чале з генэральным дырэктарам Дзьмітрыем Роніным. Затрымана паўтара дзясятка чалавек.

НАСТОЙКА ТОЛЬКІ ПА ФЛЯКОНЕ Ў РУКІ. Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўвяло абмежаваньні на продаж настоек глогу, кіпцікаў, валяр’яны, сардэчніку, мурашынага сьпірту. Цяпер адпускаць іх будуць толькі па адным фляконе ў адны рукі. Абмежаваньне ўведзенае пасьля сэрыі атручваньняў лясьёнам для ваннаў «Глог» у Іркуцку, у складзе якога быў знойдзены мэтылявы сьпірт. Ахвярамі атручваньня там сталі 54 чалавекі.

РАСЕЙСКІ АМБАСАДАР: АРЫШТАВАНЫЯ ЖУРНАЛІСТЫ «РЭГНУМ» РАЗБУРАЛІ «БРАЦКУЮ ДРУЖБУ». Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску ацаніў арышт трох журналістаў з расейскага сайту «Регнум». «Такія фармулёўкі, як „недадзяржава”, „неданарод” не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны. Таму ў гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца. Тут ёсьць дысгармонія ў пытаньнях свабоды слова, але ёсьць і пытаньне радыкалізму, разбурэньня міждзяржаўнай і брацкай дружбы» – заявіў ён. Супраць беларускіх аўтараў парталу «Регнум» Дзьмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца, а таксама Сяргея Шыптэнкі заведзеная справа паводле артыкулу аб распальваньні міжнацыянальнай варожасьці групай асобаў.

Падпісацца праз электронную пошту.