Надзею Саўчанку пазбавілі права прадстаўляць Украіну ў ПАРЭ

Вярхоўная Рада прыняла пастанову пра пазбаўленьне дэпутаткі Надзеі Саўчанкі права прадстаўляць Украіну ў складзе яе дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

За гэтае рашэньне прагаласавалі 237 народных дэпутатаў, пры неабходных 226. У дакумэнце адзначаецца, што Саўчанку абралі ў дэлегацыю па-за існуючай квотай фракцыі «Бацькаўшчыны» дзеля яе вызваленьня з расейскай турмы «і з гэтай прычыны была парушаная роўнасьць умоў прызначэньня членаў пастаяннай дэлегацыі Вярхоўнай Рады ў ПАРЭ».

Дэпутат парлямэнцкай фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Іван Віньнік напярэдадні галасаваньня заявіў, што «асоба, якая сустракаецца з тэрарыстамі, якія забілі тысячы украінцаў, ня можа прадстаўляць Украіну ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы».

Сама Саўчанка не прысутнічала на пасяджэньні парлямэнту ў чацьвер, 22 сьнежня, бо знаходзіцца цяпер за мяжой.

На мінулым тыдні пасьля таго, як стала вядома, што 7 сьнежня Саўчанка правяла таемную сустрэчу ў Менску зь лідэрамі так званых «ДНР» і «ЛНР», яе выключылі з парлямэнцкай фракцыі «Бацькаўшчына». Яна была пад № 1 у сьпісе партыі на парлямэнцкіх выбарах 2014 году, а яе лідэр Юлія Цімашэнка — пад № 2.

Паводле Цімашэнкі, «Бацькаўшчына» ня будзе ініцыяваць пазбаўленьне былой крамлёўскай зьняволенай дэпутацкага мандата, паколькі «людзі аддалі за Саўчанку галасы на выбарах, і яна мае права ісьці сваёй дарогай». Разам з тым Цімашэнка заявіла, што перамовы ў справе вырашэньня канфлікту ў Данбасе павінны праходзіць не «з тэрарыстамі і марыянэткамі Крамля», а з краінамі, якія паставілі свае подпісы ў канцы 1994 году пад Будапэшцкім мэмарандумам аб гарантыях бясьпекі Ўкраіны ў сувязі зь яе далучэньнем да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. Як падкрэсьліла Цімашэнка, за стол перамоваў па Данбасе акрамя Ўкраіны і Расеі павінны сесьці лідэры ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама Эўрапейскага Зьвязу.