106 тысяч менчукоў атрымалі «лісты шчасьця» з падатковай

Паведамленьні пра неабходнасьць выплаціць падатак за «дармаедзтва» атрымалі каля 106 тысяч менчукоў.

Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на інспэкцыю Міністэрства падаткаў і збораў па горадзе Менску.

Больш за 11 тысяч менскіх жыхароў з тых, хто атрымаў апавяшчэньне ад падатковай службы, падалі дакумэнты пра тое, што яны не павінны кампэнсаваць фінансавыя сродкі. Усяго ў бюджэт паступіла каля 2,2 млн рублёў на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў.

Тэрмін выплаты падатку за 2015 год заканчваецца 20 лютага 2017 году. За нявыплату або несвоечасовую выплату збору прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь (базавая велічыня цяпер складае 23 рублі). У такім выпадку складаецца пратакол і накіроўваецца на разгляд у суд, які прымае рашэньне альбо аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 4 базавых велічынь альбо аб прымяненьні адміністрацыйнага арышту.

На пачатку студзеня паведамлялася, што ўсяго падаткавікі накіравалі каля 400 тысяч «лістоў шчасьця» на адрасы «дармаедаў».