Ці вядзе Пуцін вайну? Спрэчка у інтэлектуальным клюбе Алексіевіч

Станіслаў Бялкоўскі, Сьвятлана Алексіевіч і Юры Дракахруст

Падчас другога паседжаньня інтэлектуальнага клюбу нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч у Менску расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі даказваў, што тое, што чыніць Расея цяпер, — гэта чацьвёртая сусьветная вайна. А палітычны аглядальнік Юры Дракахруст спрачаўся, што «Пуцін — ня Гітлер і ня Сталін».

Тэма лекцыі расейскага палітоляга і публіцыста Станіслава Бялкоўскага — «Чацьвёртая сусьветная вайна. Апошні выхад для посткаляніяльнага сьвету». Менавіта вызначэньне «вайны» стала адной з галоўных тэмаў для спрэчак удзельнікаў дыскусіі.

Станіслаў Бялкоўскі ў сваёй лекцыі даводзіў, што на яго думку Расея цяпер вядзе «чацьвёртую сусьветную вайну»:

Я думаў, што ніхто ня зможа ўварвацца на тэрыторыю НАТО. Я памыляўся.

«Я думаў, што ніхто ня зможа ўварвацца на тэрыторыю НАТО. Я памыляўся. Цяпер вайна — гэта гібрыдная вайна. Калі Расейская Фэдэрацыя арганізавала кібэратакі на амэрыканскія сайты — гэта вайна. Таксама была спроба перавароту ў Чарнагорыі і замах на прэм’ер-міністра з боку Расеі. Мэта гэтых акцыяў з боку Расеі — паказаць, што такія акцыі можна зрабіць, што так бывае. З пункту гледжаньня сьвету гэта правалы. З пункту гледжаньня Пуціна гэта пасьпяховыя спробы, якія можна паўтарыць, калі будзе неабходна. Таму чацьвёртая сусьветная вайна ўжо ідзе — гэта вайна амбіцыяў і вайна псыхалёгіяў. Новы сьвет скаланаецца канвульсіямі старога сьвету. Вайна ўжо ідзе. І яна не патрабуе масавага забіцьця людзей».

Станіслаў Бялкоўскі

На гэта вядоўца дыскусіі Юры Дракахруст сказаў, што так трактаваць вайну — гэта занадта шырока. На думку Дракахруста, нельга ставіць знак роўнасьці паміж «халоднай вайной» з аднаго боку і дзьвюма сусьветнымі войнамі ХХ стагодзьдзя, падчас якіх была агромністая колькасьць чалавечых ахвяраў.

Юры Дракахруст

«Расейскія „зялёныя чалавечкі“ ў Беларусь ня прыйдуць»

На пытаньне з залі, ці плянуе Крэмль акупаваць Беларусь, Станіслаў Бялкоўскі адказаў, што такога пляну ў Пуціна няма:

«Я не вялікі спэцыяліст па Беларусі, але магу сказаць, што асноўная слабасьць Беларусі ў варунках гібрыднай вайны — гэта тое, што ўлада сканцэнтраваная ў руках аднаго чалавека. Слабасьць Беларусі — у яе лідэры. Таму што калі будзе гібрыдная вайна, дык калі зь ім нешта здарыцца, то яго ніхто ня зможа замяніць.

Беларусь відавочна імкнецца выходзіць з расейскай арбіты і будаваць сваю нацыянальную дзяржаву.

Калі казаць пра Беларусь, дык відавочна, што ваша краіна імкнецца выходзіць з расейскай арбіты і будаваць сваю нацыянальную дзяржаву. Калі адказваць, ці прыйдуць сюды зялёныя чалавечкі, то не. Таму што гэта б парушыла Эўразійскі эканамічны саюз, які ёсьць сьвяшчэнным для Пуціна. Разам з тым Пуцін ня любіць Лукашэнку, і гэта ўзаемна. Але я перакананы, што і Беларусь, і Ўкраіна змогуць рэалізавацца, толькі патлумачыўшы, чым яны адрозьніваюцца ад імпэрыі, ад якой яны адваліліся».

Падрабязны рэпартаж з другога паседжаньня інтэлектуальнага клюбу — пазьней на нашым сайце.

Сьвятлана Алексіевіч

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім

Гісторык Валянцін Голубеў

У цэнтры — адна з арганізатарак імпрэзы, культуроляг Юлія Чарняўская