МЗС Беларусі пра дзеяньні Расеі: «Ініцыятыва паходзіць не ад беларускага боку»

Міністэрства замежных спраў

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пракамэнтавалі ўвядзеньне Расеяй памежнай зоны на тэрыторыях Пскоўскай, Бранскай і Смаленскай абласьцей, якія мяжуюць зь Беларусьсю.

Расея не папярэдзіла беларускі бок пра свае рашэньне. Пра гэта паведаміла кіраўніца прэсавай службы МЗС Марыя Ваньшына:

«У многіх складаецца ўражаньне, што гэтыя дзеяньні вядуць да аднаўленьня паўнавартаснага кантролю на беларуска-расейскай мяжы, які быў адменены больш за 20 гадоў таму. А гэта ідзе ўразрэз з цэлым шэрагам існуючых дамоўленасьцяў. Хацелася б асабліва падкрэсьліць, што ў гэтым выпадку ініцыятыва паходзіць не ад беларускага боку», — заявіла прадстаўніца МЗС.

«На жаль, гэта ня першы выпадак. Падобная сытуацыя адбылася на пачатку 2016 году, калі Расея пачала фактычна ўводзіць абмежаваньні на ўезд грамадзян трэціх краінаў празь мяжу Беларусі і Расеі. З улікам непасрэднага ўзаемадзеяньня нашых памежных службаў і іх узаемнага прадстаўніцтва падобная нескаардынаванасьць дзеяньняў, натуральна, выклікае справядлівыя пытаньні».

Прадстаўніца МЗС дадала, што «цяпер ня варта драматызаваць сытуацыю».