Як апазыцыя знаходзіць новыя формы палітычнай дзейнасьці, выкарыстоўваючы адносную лібэралізацыю?

"Марш абураных беларусаў". 17 лютага 2017 году. Менск.

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Пакуль адна частка апазыцыі рыхтуе вулічныя акцыі супраць прэзыдэнцкага дэкрэту аб «дармаедах», іншыя апазыцыйныя лідэры скарысталіся сустрэчай высокіх уладных чыноўнікаў з так званымі «дармаедамі», каб данесьці да ўлады сваю пазыцыю па гэтай тэме. Лідэры кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў сустрэліся ў Жодзіне з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Качанавай. А старшыня АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня незарэгістраванай партыі БХД Віталь Рымашэўскі сустрэліся ў Менску з памочнікам прэзыдэнта Аляксандрам Якабсонам. Акрамя таго, Лябедька абмеркаваў дэкрэт са старшынём Канстытуцыйнага суду. А сустаршыня БХД Павел Севярынец аднёс пэтыцыю з патрабаваньнем адмяніць дэкрэт у Адміністрацыю прэзыдэнта.

Тут зьвяртаюць на сябе ўвагу дзьве рэчы. Найперш, варта адзначыць, што апазыцыя актыўна выкарыстоўвае тэму «дармаедаў» і набірае на гэтым пэўныя палітычныя ачкі. Тэма выйгрышная, яна выклікае шырокае незадаволеньне людзей і адначасова моцна б’е па рэпутацыі ўлады. Дзіўна, што Лукашэнка, які славіўся вострым палітычным чуцьцём, не разумее гэтага.

апазыцыя актыўна выкарыстоўвае тэму «дармаедаў» і набірае на гэтым пэўныя палітычныя ачкі. Тэма выйгрышная, яна выклікае шырокае незадаволеньне людзей і адначасова моцна б’е па рэпутацыі ўлады

Другі момант. Апазыцыя выкарыстоўвае новую палітку лібэралізацыі, каб сустракацца з высокімі чыноўнікамі. Раней, гады тры таму, цяжка было ўявіць, каб лідэры апазыцыі маглі сустракацца і нешта абмяркоўваць з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта ці старшынём Канстытуцыйнага суду. Іх бы на парог не пусьцілі, затрымалі б на дальніх подступах альбо нават у сваім пад’езьдзе, ды яшчэ б і пасадзілі на суткі за нібыта брыдкаслоўе. А цяпер вось — сустракаюцца і нават нешта абмяркоўваюць.

Праўда, далей за гэта справа не ідзе. Дыялёгам гэта назваць цяжка. Бакі выказваюць свае пазыцыі, якія аказваюцца супрацьлеглымі, і ўсё. Гэта імітацыя дыялёгу.

Але важна тое, што апазыцыя спрабуе скарыстаць новыя магчымасьці дзеля прасоўваньня сваёй пазыцыі, ну і, зразумела, піяру, росту рэйтынгу. Нават у выглядзе сумеснага фатаздымку. Хто больш тэхналягічна выкарыстоўвае гэтыя магчымасьці: Караткевіч зь Дзьмітрыевым ці Лябедзька з Рымашэўскім? Пытаньне для вас, калегі.

Глод: Пачынаць абмеркаваньне, безумоўна, трэба з узроўню чыноўнікаў, зь якімі сустракаюцца ў лютым прадстаўнікі апазыцыі. Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, памочнік прэзыдэнта, старшыня Канстытуцыйнага суду... Раней такое немагчыма было ўявіць. Апазыцыю калі куды і дапускалі, то да чыноўнікаў значна ніжэйшых па сваіх пасадах. У лепшым выпадку былі сустрэчы з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў і Палаты прадстаўнікоў. Але дзе яны праходзілі? У Страсбуры альбо Брусэлі. Апазыцыю і ўладу зводзілі міжнародныя структуры. Дый плёну ад такіх сустрэч амаль не было. Паразмаўлялі, а калі вярнуліся ў Менск, чыноўнікі разышліся па сваіх кабінэтах, апазыцыянэры — па кватэрах.

Цяпер сытуацыя істотна зьмянілася. Сустрэчы адбываюцца ў Беларусі. Вядома, назваць іх дыялёгам, і тут я згодны з Валерам Карбалевічам, пакуль немагчыма. Дыялёг усё ж прадугледжвае кантакты дзьвюх больш-менш аднолькавых па сіле структураў. А гэтага, зразумела, няма. Калі ўлада выступае ў якасьці адзінай сілы, дзе кожнаму вызначана, што ён можа сказаць і што паабяцаць, то апазыцыя па-ранейшаму раздробленая і часта дзейнічае спантанна. Самы апошні прыклад — марш «дармаедаў». Адзінага маршу усё ж ня будзе. Статкевіч, Някляеў і іншыя іхныя прыхільнікі рыхтуюць свой марш у лютым. Лябедзька, Грыб і іншыя — у сакавіку. Караткевіч і Дзьмітрыеў свой сход «дармаедаў» ужо правялі.

Нездарма ж Валер Карбалевіч ставіць пытаньне: хто зь іх больш тэхналягічна выкарыстоўвае новыя магчымасьці? То бок у самім пытаньні прызнаецца — агульнай пазыцыі і ўзгодненай праграмы дзеяньняў у апазыцыі не існуе.

Самы апошні прыклад — марш «дармаедаў». Адзінага маршу усё ж ня будзе. Статкевіч, Някляеў і іншыя іхныя прыхільнікі рыхтуюць свой марш у лютым. Лябедзька, Грыб і іншыя — у сакавіку

Нават прапанова галоўнага рэдактара газэты «Народная Воля» спадара Сярэдзіча правесьці круглы стол паміж уладай і прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці, агучаная ім на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, выклікала бурную дыскусію. Адны лічаць, што падобная сустрэча можа толькі нашкодзіць палітычнай рэпутацыі апазыцыі і раскалоць яе яшчэ больш. Іншыя ўпэўненыя, што ў процістаяньні перад агульнымі пагрозамі такі дыялёг проста неабходны.

То бок нават у такім найважнейшым пытаньні — ці трэба апазыцыі садзіцца за круглы стол з Лукашэнкам — згоды, як любіў гаварыць паважаны Станіслаў Шушкевіч, няма. Глядзіце, Андрэй Дзьмітрыеў упэўнены, што трэба ісьці на любыя перамовы, не абмяркоўваючы, імітацыя гэта перамоваў ці не імітацыя. У Анатоля Лябедзькі іншая думка: калі на перамовах закладаецца толькі інтарэс Лукашэнкі, то які ў іх сэнс?

У дыялёгах рэй заўжды вядзе мацнейшы бок. І зразумела, што ініцыятыва тут будзе ў руках Лукашэнкі. Аднак чакаць істотных вынікаў ад перамоваў, на мой погляд, не выпадае.

І ўсё ж, нават калі пагадзіцца з гэтым, — мне падаецца, апазыцыя на першым этапе павінна быць зацікаўленая ня столькі ў канкрэтных выніках круглага стала, колькі ў самім яго правядзеньні. Бо калі круглы стол адбудзецца, то насельніцтва Беларусі пабачыць дэманстрацыю новай палітычнай рэальнасьці. І для ўладаў тут рызыкаў болей, чым для апазыцыі. А гэта істотная падстава для аб’яднаньня ўсіх апазыцыйных партыяў і плыняў.

Карбалевіч: Цікавы момант: такая сытуацыя ставіць у няёмкае становішча найвышэйшых намэнклятурнікаў. Яны ўвогуле не прывыклі размаўляць з апазыцыяй, і як у гэтай сытуацыі сябе паводзіць, я думаю, яны таксама дрэнна разумеюць.

Цыганкоў: Думаю, што апазыцыя павінна сказаць вялікі дзякуй уладзе, прынамсі, яе канкрэтнаму дэкрэту аб «дармаедах», які даў такі штуршок праявам незадавальненьня ці нават грамадзянскай актыўнасьці. Гэта пакуль абмяжоўваецца толькі «падабайкамі» ў сацыяльных сетках. Але, як бы там ні было, людзі ставяць гэтыя «падабайкі» на палітычную тэму, да матэрыялаў, якія відавочна апазыцыйныя ўладзе, выказваюць абурэньне, і гэта для некаторых ужо праява палітычнай актыўнасьці.

І апазыцыя, пры розных сваіх падыходах, схапілася за гэтую дармаедзкую тэму. Можа, ня варта занадта драматызаваць той бясспрэчны факт, што вялікай згоды і еднасьці ў гэтых дзеяньнях няма. Усё-ткі сапраўды апазыцыя па-рознаму ставіцца да сацыяльных пытаньняў, адны партыі больш клапоцяцца пра эканамічныя пытаньні, другія, звычайна больш левыя — пра сацыяльныя, і натуральна, што яны маюць розныя падыходы да пытаньня дармаедаў. Усе выказваюць абурэньне гэтым дэкрэтам і дзеяньнямі ўлады. І тут цікавы той фэномэн, на які зьвярнуў увагу Валер Карбалевіч, што цяпер многіх чыноўнікаў з кіраўніцтва проста разаслалі ў розныя рэгіёны сустракацца з народам, тлумачыць «палітыку партыі» — гэта Качанава, кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта, іншыя праводзяць прыёмы грамадзян. І ясна, што ім гэта, па-першае, нязвыкла, па-другое, нясе ў сабе пэўныя нечаканасьці. На прыёмы прыходзяць тыя ж самыя апазыцыянэры, і агульная палітыка лібэралізацыі не дазваляе іх затрымліваць, а прымушае іх выслухоўваць. Гэта тыя перамены, якія ў любым выпадку трэба ацэньваць як пазытыўныя, прынамсі някепскія.

Усё-ткі сапраўды апазыцыя па-рознаму ставіцца да сацыяльных пытаньняў, адны партыі больш клапоцяцца пра эканамічныя пытаньні, другія, звычайна больш левыя — пра сацыяльныя

Ну, а тэма маршу і ўвогуле пратэстаў, безумоўна, будзе апазыцыяй і далей выкарыстоўвацца ў самых розных формах. Але нельга чакаць, што яна стане падставай для нейкіх рэвалюцыйных падзеяў. Проста гэта задача апазыцыі — выкарыстоўваць незадаволенасьць мас. Таму апазыцыйныя партыі спрабуюць яе выканаць кожная ў меру свайго разуменьня, наколькі можна набліжацца да ўлады. Як ужо адзначыў Валер Карбалевіч, гэтае разуменьне, напрыклад, у «Гавары праўду» і АГП досыць розныя.

Глод: Падобна, што сапраўды ўлады разгубленыя. Я размаўляў з Аляксандрам Ярашуком, кіраўніком Кангрэсу беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў, і ён сказаў, што атрымаў ліст за подпісам Валера Міцкевіча — гэта намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. Бо прафсаюзы зьвярталіся ў Адміністрацыю з прапановай адмяніць дэкрэт. Дык што цікава: спадар Ярашук сказаў, што гэты ліст — проста калька, слова ў слова, адказу, які той жа Міцкевіч накіраваў дэпутатцы Ганьне Канапацкай. Усё ж розныя ўзроўні — тут дэпутат парлямэнту, тут прафсаюзы незалежныя. Мабыць, усё ж трэба было нешта зьмяніць, бо розныя зацікаўленыя бакі. Але — не, усім аднолькавы адказ. Значыць, сапраўды там ня вельмі ведаюць, што адказваць.