Будаўнікі вывелі частку тэхнікі ад Курапатаў. Прараб заявіў, што сёньня не адновяць працу

Абаронцы Курапатаў зайшлі на будаўнічую пляцоўку

Каля 30 чалавек начавалі ў лягеры ўдзельнікаў пікету пратэсту супраць будаўніцтва офіснага цэнтру ў ахоўнай зоне мэмарыялу Курапаты, што ў менскім мікрараёне Зялёны Луг.​

ВІДЭА З КУРАПАТАЎ

9.30 — Будаўнікі пачалі выводзіць тэхніку. Калі з пляцоўкі выяжджаў бульдозэр, пратэстоўцы аплядавалі і крычалі "Жыве Беларусь!".

8.50 — Абаронцы Курапатаў зайшлі на будаўнічую пляцоўку.

8.35 Алесь Бяляцкі ў гутарцы з карэспандэнткай Свабоды параўноўвае грамадзкія пратэсты апошняга часу з сытуацыяй канца 1980-х гадоў:

«Грамадзкая атмасфэра апошняга году, апошніх месяцаў мне нагадвае тое, што ў нас было ў канцы 80-х, калі ўзровень страху ў грамадзтве рэзка пачаў зьніжацца. Паглыбіліся эканамічныя праблемы — і людзі проста пачалі не баяцца гэтага ціску ўладаў, адкрыта выказвацца супраць іх. Усё гэта сплялося разам: і дэмакратычныя пратэсты, і сацыяльныя»

8.30. На раніцу ў лягеры прысутнічаюць каля 50 пратэстоўцаў, у іх ліку Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Уладзімер Някляеў. Таксама на будаўнічай стаяць людзі ў цывільным, якія не далучаюцца да пратэсту, але і не вядуць апэратыўныя здымкі, а проста назіраюць.

Севярынец заявіў, што, нягледзячы на прыпыненьне будоўлі, пратэстоўцы застаюцца, бо «наш лёзунг – давярай, ды правярай»: яны сочаць, каб будоўлю не аднавілі.

Два будаўнікі пагутарылі з карэспандэнтам Свабоды, але прасілі не называць іх імёнаў. Адзін зь іх кажа:

«Мы фактычна закладнікі сытуацыі. З аднаго боку, на нас цісьне кіраўніцтва, зь іншага боку ёсьць маральны аспэкт. Непрыемна, калі вакол стаяць крыжы, а пад імі даводзіцца біцца».

Мужчына кажа, што будаўнікі разумеюць пратэстоўцаў, але просяць разумець і іх: калі б мелі іншую працу, адмовіліся б ад гэтай, ды іншай працы няма.

Аргкамітэт абароны Курапатаў мае сабрацца сёньня а 13-й гадзіне на Сядзібе БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3-39). Мясцовыя жыхары зьбіраюцца 1 сакавіка пайсьці на прыём да старшыні Менгарвыканкаму Андрэя Шораца.

Ноч прайшла спакойна

Ажыўленьне пачалося а палове на восьмую раніцы, калі на агароджаную пляцоўку пачалі падыходзіць будаўнікі. Пікетоўцы спрабавалі іх не дапусьціць на аб’ект, але ўсё ж некалькі будаўнікоў прайшлі.


Пратэстоўцы напружана чакаюць будаўнічую тэхніку, зьбіраюцца замінаць яе праезду.



А 7.45 з загародкі выйшлі два будаўнікі з рэчамі, яны сышлі з абʼекта, пратэстоўцы віталі іх выхад воплескамі. Зьміцер Дашкевіч і Павал Севярынец гутараць з прарабам будаўнікоў.



7.55. Па выніках перамоваў прараб заявіў, што сёньня будаўнікі працаваць ня будуць. Прараб асабіста пацьвердзіў Свабодзе, што ён гутарыў са сваім кіраўніцтвам і было вырашана, што ў такіх умовах будаўнічыя працы сёньня аднаўляцца ня будуць.

Справа - Алесь Бяляцкі