Ноч у Курапатах прайшла спакойна, будаўніцтва не аднавілася. Фота і відэа

9-ы дзень вахты ля Курапатаў. Фотагалерэя (каб праглядзець фотагалерэю цалкам, націсьніце на здымак)

У лягеры абаронцаў Курапатаў ля будаўнічай пляцоўкі ў Зялёным Лузе побач з мэмарыялам «Курапаты» ноччу заставалася каля 20 чалавек.

Восьмая ноч у лягеры абаронцаў Курапатаў прайшла без інцыдэнтаў. Людзі па чарзе дзяжурылі і адпачывалі ў намётах.

Цяпер удзельнікі абароны Курапатаў рыхтуюцца да абвешчанай на 8.00 мабілізацыі, часу калі могуць прыйсьці будаўнікі.

А 8.00 ў лягеры абаронцаў пачаўся мітынг, на якім першым выступіў паэт Уладзімер Някляеў, які чытаў вершы.

Пазьней выступіў лідэр абаронцаў Зьміцер Дашкевіч, ён паведаміў, што а 7 раніцы з будпляцоўкі зьехаў экскаватар, кіроўца якога яму сказаў, што некалькі дзён працы тут ня будзе.

Зьміцер Дашкевіч (у цэнтры)

«Мне вядома, што нас не будуць чапаць, хіба захочуць узяць на змор», — сказаў Дашкевіч, але заклікаў заставацца:

«Працы прыпыненыя, у любы момант, калі яны будаўнічыя працы адновяцца, мы зможам супрацьстаяць».

Учора частка будаўнікоў забрала з бытовак свае рэчы, частка тэхнікі была адведзеная з будаўнічай пляцоўкі.

Пляцоўка пад будаўніцтва была прададзеная на аўкцыёне ў 2013 годзе, калі яна знаходзілася ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Толькі ў канцы 2014 году пляцоўку вывелі з ахоўнай зоны. Будоўля распачалася 16 лютага 2017 году.

За паўтара месяца да пачатку будаўніцтва мясцовыя жыхары сабралі подпісы ў адміністрацыю Лукашэнкі, але не атрымалі адтуль адказу ў вызначаны законам тэрмін. Жыхары выклікалі міліцыю на будаўнічую пляцоўку, але гэта не спыніла будаўніцтва.

З 20 лютага актывісты апазыцыі і мясцовыя жыхары пачалі бестэрміновую акцыю пратэсту супраць будаўніцтва офіснага цэнтру паблізу мэмарыялу.