Дзявятая раніца ў Курапатах: будаўнічых работ няма, абарона трывае

Рэпартаж Свабоды зь лягеру абаронцаў Курапатаў ад будаўніцтва офіснага цэнтру.

Раніца ў лягеры абаронцаў — традыцыйна самы напружаны час, калі ўсе чакаюць вяртаньня рабочых і рыхтуюцца да супрацьстаяньня.

Аднак сёньня будаўнікі не вярнуліся і работы не аднавіліся. А сёмай гадзіне з пляцоўкі выехаў экскаватар.

Зьміцер Дашкевіч

— Кіроўца сказаў, што некалькі дзён работы весьціся ня будуць, але мы мусім кантраляваць сытуацыю, — паведаміў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч. Падчас агульнай «мабілізацыі» Дашкевіч заклікаў абаронцаў заставацца ў лягеры, каб не прапусьціць момант аднаўленьня будаўніцтва.

— Ёсьць інсайдэрская інфармацыя, што разгон цяпер уладзе не патрэбен, кранаць лягер нявыгадна, — дадаў Дашкевіч.

Яшчэ ўвечары валянтэры ўладкавалі тут імправізаваную сцэну зь лягатыпам. Зь яе прамаўляюць палітыкі, на ёй граюць музыкі. Уладзімер Някляеў прыйшоў у лягер са зборнікам сваіх вершаў.

Уладзімер Някляеў

— Калі я ехаў сюды, у маршрутцы ў мяне запыталі, навошта мне гэта. А я ўпэўнены, што за вамі будучыня. Калі моладзь абароніць Курапаты, яна абароніць і Беларусь! Да таго ж падтрымаць абарону ёсьць маім грамадзянскім і мастацкім абавязкам. Нам кажуць пра 140 мэтраў да ахоўнай зоны, але тыя чыноўнікі з такім стаўленьнем да беларускай гісторыі самі павінны знаходзіцца за 140 кілямэтраў ад Беларусі, — прамовіў Някляеў, зьвяртаючыся да абаронцаў.

Ён прачытаў урывак са сваёй паэмы «Палянэз», стоячы ля бочкі з вогнішчам.

Мясцовыя жыхары працягваюць прыносіць у лягер цёплыя рэчы і ежу.

— Я дапамагала падчас абароны ў 2001 годзе, нават была затрыманая. А цяпер буду стаяць да апошняга, лягу касьцьмі, пакуль нам ня вернуць нашу прастору і ня прымуць плот і ўсю тэхніку, — кажа спадарыня Яніна, жыхарка дома № 49 па вуліцы Мірашнічэнкі.

Жанчына скардзіцца, што на пасяджэньні, якое прайшло ў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску ўчора, людзям «затыкалі рот» і пагражалі выклікаць міліцыю. Актывісты пачалі падрыхтоўку да агульнагарадзкога мітынгу, які прызначаны на 3 сакавіка.

Паводле пляну, выпрацаванага Камітэтам абароны Курапатаў, у наступныя дні валянтэры будуць расклейваць улёткі па пад’ездах у раёне і хадзіць па кватэрах, запрашаючы людзей на мітынг.

— Важна, каб усё, што тут адбываецца, мела сэнс, прыносіла практычныя вынікі. Бо калі лягер ператворыцца ў суцэльную «тусоўку», дзе, акрамя сьпеваў і вячорак нічога ня будзе адбывацца і вырашацца, то пратэст дэградуе. Патрэбны канкрэтныя дзеяньні, — мяркуе актывіст Алесь Кіркевіч, які быў паранены падчас нападу на мінулым тыдні.

Паводле Паўла Севярынца, пратэст мусіць трываць, пакуль забудоўнік не абвесьціць пра канчатковае спыненьне ўсіх работ.

Павал Севярынец

— Мы таксама абавязаныя дамагчыся, каб межы ахоўнай зоны былі перагледжаныя. Тэрыторыя, дзе цяпер лягер і будоўля, мае быць прызнаная ахоўнай.

Севярынец падкрэсьліў: у 2001-2002 гадах улады часам рабілі выгляд, нібыта спынілі будаваць МКАД, але неўзабаве тэхніка вярталася і капала далей.

— Выседзелі тады 8 месяцаў, не адступім і цяпер, — сказаў ён.

Яшчэ некалькі дзён таму ў лягеры раніцу сустракалі ня больш за 3 чалавекі, цяпер на ранішніх мабілізацыях прысутнічаюць тры дзясяткі абаронцаў.

9-ы дзень вахты ля Курапатаў. Фотагалерэя:

9-ы дзень вахты ля Курапатаў. Фотагалерэя