Курапаты: актывісты згортваюць лягер, але гатовыя яго аднавіць

На 15-ы дзень акцыі пад будоўляй каля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты» актывісты паступова згортваюць лягер.

Будаўніцтва, што пачалі на вынесенай з ахоўнай зоны тэрыторыі, прыпынілі на мінулым тыдні, а сёньня могуць згарнуць канчаткова, зьняць агароджу і зараўнаваць зямлю. Актывісты ставяць подпісы на бела-чырвона-белым сьцягу.

Лідэр «Маладога фронту» і ініцыятар акцыі Зьміцер Дашкевіч адзначае, што ўпершыню за гісторыю «Малады фронт» згортваецца сам. Але актывісты адзначаюць, што, калі будаўніцтва вырашаць працягнуць, лягер адновяць. Ды заклікаюць прыходзіць у Курапаты з граблямі, забіраць прынесеныя рэчы.

Забудоўнікі на сустрэчы з Дашкевічам заявілі, што будавацца ля Курапатаў ужо ня хочуць, але гарадзкія ўлады ад ідэі забудовы пляцоўкі не адмаўляліся. У першы тыдзень акцыі чыніліся бойкі і напады, другі тыдзень прайшоў без інцыдэнтаў.

У дзяржаўнай прэсе стаўленьне да будоўлі неадназначнае: выданьне «Менгарвыканкаму» даказвае, што будаўніцтва законнае (беларусы знаходзяць розныя парушэньні і падаюць на іх скаргі); выданьне адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия» публікуе заявы пра тое, што Курапаты павінны стаць «месцам народнага смутку і высакароднай памяці», але на тэлевізіі галоўны рэдактар выданьня кажа, што будаўніцтва бізнэс-цэнтру «ня мае да Курапатаў ніякага дачыненьня».