«Хапалі за галаву і цягнулі па асфальце», — відавочца затрыманьня анархістаў у Менску

Your browser doesn’t support HTML5

Ціхары хапаюць самых актыўных «недармаедаў». Відэа

Карэспандэнтка тэлеканалу «Белсат» Марыя Арцыбашава зьняла на мабільны тэлефон моманты затрыманьня групы анархістаў на прыпынку тралейбуса каля «Белай вежы».

Марыя Арцыбашава ехала ў тым самым тралейбусе, што і анархісты, і заўважыла жанчыну, якая тыдзень таму затрымлівала Зьмітра Дашкевіча. Паводле Арцыбашавай, жанчына інструктавала сваіх калег, у якія дзьверы заходзіць і каго браць.

«Я заўважыла, што там была тая самая жанчына, якая 10 сакавіка затрымлівала Зьмітра Дашкевіча. Яна ехала ў тралейбусе, у які зайшлі анархісты, а таксама ўдзельнікі акцыі, якія хацелі іх суправадзіць, і некалькі журналістаў. Гэтая жанчына перадавала праз тэлефон сваім калегам інфармацыю, у якія дзьверы трэба заходзіць, каб схапіць анархістаў».

На прыпынку каля «Белай вежы» тралейбус заблякавалі некалькі мікрааўтобусаў. Супрацоўнікі ў цывільным кінуліся ў тралейбус і па адным сталі выцягваць людзей.

«Дзяўчат цягнулі за валасы, хапалі за ўсе — галаву, нагу, руку — і цягнулі голымі целамі па асфальце. Не глядзелі, хто там — стары ці малады. Я так разумею, што былі затрыманыя як анархісты, так і тыя, хто вырашыў іх суправаджаць, а таксама людзі, якія ехалі гэтым тралейбусам. Ужо, відаць, пасьля ў Цэнтральным РАУС высьвятлялі, хто ёсьць хто», — расказала Арцыбашава.